Прывітанне, кніжны Сусвет!

21 сакавіка ў дзіцячым аддзеле абласной бібліятэкі адбылося ўрачыстае адкрыццё Тыдня дзіцячай кнігі “Прывітанне, кніжны Сусвет!”

Дырэктар абласной бібліятэкі Марына Эдвардаўна Ігнатовіч не толькі распачала свята кнігі, але і стала актыўным удзельнікам праграмы. Яскравым сюрпрызам для ўсіх гасцей стала відэапрывітанне ад сучаснай беларускай пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, а таксама кніжныя падарункі – новыя творы – з аўтографам вядомай Кніжнай Феі.

Маленькія чытачы з сярэдніх школ № 27 і № 2 прымалі ўдзел у віктарынах і конкурсах, гульнях з тэатралізацыяй, разам паспявалі і патанцавалі. Але ў цэнтры ўвагі ўсіх гасцей заставалася, вядома ж, Кніга! Маляўнічыя і захапляльныя выданні дзіцячай літаратуры беларускіх, расійскіх і замежных аўтараў з нецярпеннем заўсёды чакаюць сваіх чытачоў.

У гэтым годзе Тыдзень дзіцячай кнігі пройдзе пад дэвізам #РоднаеГоднае, і абласная бібліятэка з задавальненнем будзе знаёміць чытачоў з творчасцю гродзенскіх аўтараў.

Запрашаем усіх кнігалюбаў з 21 па 29 сакавіка разам святкаваць наш Кніжны тыдзень, дзе кожны дзень будзе напоўнены цікавымі мерапрыемствамі і новымі літаратурнымі сустрэчамі!
Сустракаемся ў дзіцячым аддзеле па адрасе: вул. Савецкая, 25!