Будучым IT-спецыялістам

24 лютага для навучэнцаў 1 курса спецыяльнасці ПЗТ УА “Гродзенскі дзяржаўны політэхнічны каледж” супрацоўнікі аддзела абанемента правялі займальную азнакамляльную экскурсію ў новых сценах галоўнай кніжніцы Прынямоння.
Будучыя IT-спецыялісты пазнаёміліся з інфармацыйным забеспячэннем бібліятэкі і аўтаматызацыяй бібліятэчных працэсаў. Даведаліся цікавыя факты з гісторыі першай публічнай бібліятэкі і галоўнага кіравання Нацыянальнага банка РБ па Гродзенскай вобласці, чый славуты будынак і перайшоў ва ўладанне кніжніцы. Удзельнікі экскурсіі пабывалі ва ўсіх аддзелах абслугоўвання, разгадвалі рэбусы і крыжаванкі, прысвечаныя класікам беларускай літаратуры, і з дапамогай бібліятэкараў спрабавалі знайсці канкрэтныя кнігі вядомых пісьменнікаў у фондзе аддзела абанемента.
Пасля гэтага экскурсантам было прапанавана падняцца ў “кніжныя шахты” і з дапамогай налобнага ліхтарыка адшукаць выданні аб розных мовах праграмавання (С++, С#, Phyton, Java, JavaScript). Там жа, на парапеце кнігасховішча, размясцілася кніжная экспазіцыя “Будучым праграмістам” з падборкай тэматычных дапаможнікаў.
Запрашаем і вас за кнігамі для вучобы і душы ў аддзел абанемента па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.