Сустрэча з нашчадкамі Якуба Коласа

У юбілейны год класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа знакавай падзеяй для абласной бібліятэкі стала прэзентацыя кнігі “Табой я жыў, табой жыву. Пра жонку Якуба Коласа”, якая нядаўна выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда».
Ганаровымі гасцямі сустрэчы сталі ўкладальнікі кнігі, нашчадкі Якуба Коласа: унучка Вера Данілаўна Міцкевіч і праўнучка Васіліна Валер’еўна Міцкевіч. Менавіта іх клапатлівымі жаночымі рукамі былі сабраны ўнікальныя матэрыялы, мемуарныя запісы і мастацкія тэксты, дакументы і фотаздымкі, якія ўвайшлі ў гэтае цудоўнае выданне. Вера Данілаўна расказала аб ідэі і канцэпцыі ўзнікнення гэтага выдання, аб малавядомых фактах пра Якуба Коласа і падзялілася тым, што новага рыхтуецца да друку. Пра зборнікі і факсімільныя выданні знакамітага прадзеда, а таксама пра афармленне вокладкі для прэзентаванай кнігі распавядала Васіліна Валер’еўна.
Прыемным падарункам для бібліятэкі стала кніга Веры Данілаўны “Сядзіба Качэрычы: шляхам Ланеўскіх-Ваўкоў, фон Гоераў і іх нашчадкаў” , а таксама факсімільнае выданне зборніка Якуба Коласа “Водгулье”, якое передала ў рукі дырэктара абласной бібліятэкі праўнучка пісьменніка Васіліна.
Удзельнікі мерапрыемства змаглі задаць пытанні гасцям, а таксама набыць кнігу і атрымаць аўтографы.
Абласная бібліятэка шчыра дзякуе за ўнікальную мажлівасць дакрануцца да жывой гісторыі!