Францыск Скарына: служэнне Богу, Радзіме, народу

Францыск Скарына ─ чалавек-легенда: беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, выдавец, перакладчык Бібліі на родную мову, пісьменнік, філосаф-гуманіст, тэолаг, вучоны, лекар, батанік, грамадскі дзеяч. 10 красавіка з удзелам супрацоўнікаў дзіцячага філіяла абласной навуковай бібліятэкі адбылася сустрэча з навучэнцамі нядзельнай школы “Анёлкі” храма свяціцеля Мікалая Цудатворца г. Гродна, прысвечаная асобе Францыска Скарыны.
У мерапрыемстве, якое прайшло ў фармаце вуснага часопіса “Францыск Скарына: служэнне Богу, Радзіме, народу”, прынялі ўдзел святар Аляксандр Рудзінскі, навучэнцы нядзельнай школы, іх бацькі і выкладчыкі.
Тэматычная медыяпрэзентацыя была прысвечана дзейнасці першадрукара ва ўсёй яе шматграннасці і паўнаце. Увазе ўдзельнікаў сустрэчы была прадстаўлена “скарыніяна” з фондаў навуковай бібліятэкі. Асаблівы інтарэс выклікала выданне дзiцячай энцыклапедыi “Францыск Скарына” ў трох тамах. Яе аўтар, вядомы скарынавед Алесь Суша, вырашыў вельмi складаную задачу: расказаў пра Скарыну праз навуковыя факты, але займальна, каб захапiць юных чытачоў.
Дзеці і дарослыя прынялі ўдзел у выкананні творчых заданняў: калектыўным складанні стужкі жыццёвага шляху творцы беларускай культуры, карты падарожжаў і “картатэкі” талентаў і заняткаў Францыска Скарыны, “аднаўленні” страчаных элементаў копіі гравюрнага партрэта першаасветніка, стварэнні ўласнай паштоўкі-паслання з афарызмам Францыска Скарыны.