Юбіляры мая

 1 – 100 гадоў з дня нараджэння Азёрнай Зоі Андрэеўны (1920 – 1990), беларускага вучонага ў галіне гінекалогіі, акушэра, доктара медыцынскіх навук, выдатніка аховы здароўя. У 1969-1974 гг. працавала ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце.

1 – 80 гадоў з дня нараджэння Пратасевіча Івана Пятровіча (1940 – 1990), беларускага вучонага ў галіне аператыўнай хірургіі і тапаграфічнай анатоміі, доктара медыцынскіх навук, прафесара. У 1964-1990 гг. працаваў у Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце.

1 – 80 гадоў з дня нараджэння Халянковай Аліны Люцыянаўны     (1940, в.Дубчаны Лідскага раёна – 1979), беларускага літаратуразнаўца, педагога. Настаўнічала на Зэльвеншчыне. З 1968 г. працавала ў Гродзенскім педагагічным інстытуце імя Я. Купалы.

3 – 90 гадоў з дня нараджэння Шундрыка Уладзіміра Іванавіча       (1930 – 2003), беларускага педагога, паэта, краязнаўца. Жыў і працаваў у Слоніме.

3 – 50 гадоў з дня нараджэння Русінай Марыны Яўгенаўны (нар. у    1970 г., Дзятлава),  беларускай спартсменкі (хакей на траве, індархакей), бронзавага прызёра чэмпіяната Еўропы па індархакею (2004), уладальніцы Кубка кубкаў еўрапейскіх краін (1991).

4 – 50 гадоў з дня нараджэння Барбашынскага Андрэя Станіслававіча (нар. у 1970 г., Ашмяны), беларускага спартсмена (гандбол), заслужанага майстра спорту СССР,  чэмпіёна XXV летніх Алімпійскіх гульняў (1992, Барселона).

5 – 110 гадоў з дня нараджэння Цыхуна Апанаса Пятровіча (1910, в.Кунцаўшчына Гродзенскага раёна – 2005, Гродна),  беларускага педагога, пісьменніка, краязнаўца, фалькларыста, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, заслужанага настаўніка Беларусі. Працаваў ва ўстановах адукацыі Гродзенскага раёна і Гродна.

5 – 90 гадоў з дня нараджэння Жарскага Міхаіла Васільевіча          (1930, в.Паплавы Навагрудскага раёна – 2004), беларускага гісторыка, педагога, прафесара. Настаўнічаў на Ваўкавышчыне. У 1963-1967 гг. працаваў намеснікам загадчыка аддзела адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. З 1967 г. выкладаў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы.

5 – 80 гадоў з дня нараджэння Сянько Іллі Пятровіча (1940 – 2017), беларускага гаспадарчага дзеяча, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы (1986), лаўрэата прэміі імя А.І. Дубко Гродзенскага аблвыканкама  “За творчыя дасягненні ў галіне літаратуры і мастацтва” ў намінацыі “Мецэнат года” (2002). У 1967-2016  гг. – старшыня СВК “Абухава” Гродзенскага раёна. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Леніна.

7 – 70 гадоў з дня нараджэння Дуніча Мікалая Уладзіміравіча (нар. у 1950 г., в.Дунічы Іўеўскага раёна), беларускага гаспадарчага дзеяча, эканаміста. Працаваў у калгасах Іўеўскага раёна. У 1995-2001 гг. – старшыня Іўеўскага райвыканкама.

8 – 100 гадоў з дня нараджэння Быка Станіслава Пятровіча (1920, в.Квасоўка Гродзенскага раёна – 2008), беларускага народнага скульптара (разьба па дрэве).

12 – 350 гадоў з дня нараджэння Аўгуста II Моцнага (1670 – 1733), курфюрста саксонскага, караля польскага і вялікага князя літоўскага, саюзніка Пятра I у Паўночнай вайне (1700-1721 гг.), з нагоды якой яны сустракаліся ў 1705 г. у Гродне.

 12 – 75 гадоў з дня нараджэння Будзевіч Галіны Вацлаваўны (нар. у 1945 г., в.Зарыца Гродзенскага раёна), беларускага вучонага ў галіне фітапаталогіі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1998).

13 – 150 гадоў з дня нараджэння Турчыновіча Аляксандра Адольфавіча (1870, х.Ізабэлін Навагрудскага раёна – пасля 1917), беларускага гісторыка, краязнаўца, педагога. Скончыў Гродзенскую гімназію. У 1907-1912 гг. выкладаў у сярэдніх навучальных установах Гродна, з’яўляўся членам  Гродзенскага педагагічнага таварыства і рэдкалегіі часопіса “Педагагічная справа”, супрацоўнічаў з “Гродзенскімі губернскімі ведамасцямі” .

13 – 70 гадоў з дня нараджэння Курачкіна Юрыя Андрэевіча (нар. у 1950 г., Свіслач), беларускага фізіка-тэарэтыка, доктара фізіка-матэматычных навук. У 1971 г. скончыў Гродзенскі педагагічны інстытут імя Я. Купалы.

15 – 80 гадоў з дня нараджэння Сяўко Баляслава Іванавіча (1940, в.Міжэрычы Зэльвенскага раёна – 2002), беларускага акцёра, заслужанага артыста Беларусі.

15 – 70 гадоў з дня нараджэння Чумак Людмілы Мікалаеўны (нар. у 1950 г., в.Крамяніца Зэльвенскага раёна), беларускага мовазнаўца. педагога, доктара філалагічных навук.    У 1971 г. скончыла Гродзенскі педагагічны інстытут імя Я. Купалы. У 1971-1973 гг. працавала ў Парэцкай СШ Лідскага раёна і СШ № 12 г.Гродна.

16 – 70 гадоў з дня нараджэння Батуры Міхаіла Паўлавіча (нар. у      1950 г., в.Клюкавічы Навагрудскага раёна), беларускага вучонага ў галіне інфармацыйных тэхналогій і вылічальнай тэхнікі, заслужанага работніка адукацыі Беларусі.

17 – 175 гадоў з дня нараджэння Нікіфароўскага Мікалая Якаўлевіча (1845 – 1910), этнографа, фалькларыста, краязнаўца, педагога, правадзейнага члена Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі Маскоўскага ўніверсітэта і Рускага геаграфічнага таварыства. У 1876-1882 гг. працаваў у Свіслацкай настаўніцкай семінарыі.

17 – 130 гадоў з дня нараджэння Акермана Уладзіміра Іосіфавіча    (1890 – 1972, Гродна), расійскага і беларускага вучонага ў галіне псіхіятрыі, доктара медыцынскіх навук, прафесара, выдатніка аховы здароўя. З 1962 г. працаваў у Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце.

17 – 125 гадоў з дня нараджэння Адлера Шауля  Аарона (1895, г.п.Карэлічы – 1966), ізраільскага вучонага ў галіне паразіталогіі і трапічнай медыцыны, прафесара, кавалера ордэна Брытанскай імперыі. З      1928 г. працаваў прафесарам і дырэктарам Інстытута паразіталогіі пры Яўрэйскім універсітэце ў Іерусаліме.

18 – 110 гадоў з дня нараджэння Леановіча Паўла Антонавіча        (1910, в.Чухны Смаргонскага раёна –1985), вучонага-геолага, заслужанага геолага-разведчыка Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР (1952) і Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1972).


18 – 60 гадоў з дня нараджэння Янушкевіча Пятра Вацлававіча (нар. у 1960 г., в.Клінчаны Гродзенскага раёна), беларускага мастака (станковы жывапіс, вітраж, мазаіка, роспіс).

19 – 70 гадоў з дня нараджэння Ягорава Уладзіміра Уладзіміравіча (нар. у 1950 г., Гродна), беларускага хіміка-аналітыка, доктара хімічных навук, прафесара, вынаходніка СССР.


24 – 90 гадоў з дня нараджэння Русак (Родзька) Галіны Філарэтаўны (1930, Навагрудак – 2000), мастачкі (жывапіс, графіка), мастацтвазнаўца, грамадскага дзеяча беларускай дыяспары ў ЗША, прафесара.


25 – 80 гадоў з дня нараджэння Балтрукевіча Станіслава Іванавіча (1940, в.Масты Правыя Мастоўскага раёна – 2012), беларускага вучонага ў галіне траўматалогіі, артапедыі і хірургіі, аднаго з заснавальнікаў касцёва-пластычнай хірургіі ў Беларусі, доктара медыцынскіх навук, прафесара, заслужанага дзеяча навукі Беларусі. З 1967 г. працаваў у Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.

28 – 75 гадоў з дня нараджэння Працэнкі Вольгі Эліязараўны (нар. у 1945 г.), беларускага гісторыка, педагога. З 1970 г. працавала ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы.

29 – 100 гадоў з дня нараджэння Соламавай Вольгі Іосіфаўны (1920, в.Лаша Гродзенскага раёна – 1944), арганізатара і кіраўніка маладзёжнага падполля на тэрыторыі Беластоцкай вобласці ў Вялікую Айчынную вайну. З 1943 г. – сакратар Гродзенскага падпольнага гаркама ЛКСМБ. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені.