21 лютага – Міжнародны Дзень роднай мовы

21 лютага кожны народ адзначае Дзень роднай мовы, які быў абвешчаны 17 лістапада 1999 года рашэннем ЮНЕСКА з мэтай абароны моўнай і культурнай разнастайнасці, а таксама дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення.

Своеасаблівым падарункам аматарам чытання на роднай мове стане выстава “Майстры пяра беларускай зямлі”, арганізаваная ў абанементным аддзеле, дзе прадстаўлены лепшыя творы як волатаў зямлі беларускай (Я. Коласа, У. Караткевіча, Л. Геніюш, В. Казько, У. Ліпскага і інш.), так і сучасных беларускіх аўтараў (А. Марціновіча, С. Алексіевіч, М. Шыманскага, Ю. Станкевіча, В. Праўдзіна, Г. Марчука і інш.).

У цэнтры выставы знаходзіцца найбольш папулярная беларуская кніга мінулага года, прызнаная чытачамі самай важнай кнігай, якая паўплывала на развіццё беларусаў як нацыі – “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча, які, дарэчы, у гэтым годзе святкаваў бы свой 90-гадовы юбілей. Акрамя гэтага, выдавецтва “Папуры” ў 2018 г. выпусціла цэлую серыю выбраных твораў У. Караткевіча, якую таксама можна знайсці на дадзенай выставе.

Хочацца яшчэ адзначыць выданне Ларысы Геніюш, экспануемае на выставе, “…унукам: Вершы і лісты. Без цэнзуры”, матэрыялы якога паходзяць з прыватнага архіва сям’і Геніюшаў і з Фонду Ларысы Геніюш Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі і ўпершыню друкуюцца ў кнізе.

Міжнародны дзень роднай мовы адыгрывае вялікае значэнне для кожнай нацыі і кожнага народа свету, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта. І беларусы не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная беларуская мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная. Тых, хто жадае прычасціцца да папуляцыі беларускай спадчыны і роднай мовы, запрашаем наведаць рознатэматычную і шматжанравую выставу “Майстры пяра беларускай зямлі”, якая аргнізавана ў абанементным аддзеле па адрасе: вул. Карбышава, 17.