Міні-музей міні-макетаў “Страчаная спадчына”

У 2016 годзе ў ДУК “Навагрудская раённая бібліятэка” стартаваў праект “Страчаная спадчына”. На аснове фатаграфічнага краязнаўчага матэрыялу, дзякуючы ўменню мастака Анатоля Іванавіча Бандзюкевіча з’явіліся макеты партызанскай зямлянкі ў в. Чарэшля, палацава-паркавага комплексу, уласнасць Храптовічаў у в. Шчорсы, чыгуначны вузел “Навагрудак” са стылізаванай мапай, а ў 2017 годзе навагрудчане змаглі ўбачыць Рынкавую (галоўную) плошчу Навагрудскага ваяводскага (1921-1939 гг). Гэтыя макеты і склалі экспазіцыю міні-музея “Страчаная спадчына”.

Падчас экскурсіі госці бібліятэкі атрымліваюць новыя веды пра Навагрудак 20-30 гадоў ХХ стагоддзя. Прасочваецца лёс асобных архітэктурных аб’ектаў, расказваецца пра цікавыя дэталі з жыцця даваеннага Навагрудка.

Юным наведвальнікам міні-музея “Страчаная спадчына” прапануецца паспрабаваць сябе ў канструктарскай справе: сабраць свой папяровы домік і прыдумаць цікавую гісторыю пра яго жыхароў і гандляроў.

Веды ад экскурсіі можна замацаваць падчас гульні “Навагрудак ваяводскі. Павесь шыльду”. Копіі частак міні-музейнай экспазіцыі перанесены на магнітную плёнку, наведвальніку ж трэба развесіць шыльды (цырульня, аптэка, гатэль, тэатр, школа, друкарня) на будынкі і крамы.

Малодшым школьнікам “Страчаная спадчына” дае магчымасць праявіць сябе ў творчай майстэрні. З каляровай паперы яны могуць майстраваць 3D карціну “Мой Навагрудак”.

Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па спасылцы:  http://novcrb.grodno.by/strachanaya-spadchyna-muzei-mini-maketa%D1%9E-gistarychnyh-abekta%D1%9E-navagrudchyny/

Адрас: 231400, г. Навагрудак, вул. 1 Мая, 1, Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць

Час працы: панядзелак-пятніца: 9.00 – 19.00; субота, нядзеля: 9.00 – 18.00, перапынак на абед: 13.00 – 14.00.

Санітарны дзень: апошні дзень месяца

Тэлефон: (8-01597) 2-24-58