Сустрэча з паэтэсай Вольгай Алізар

У Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа панавала асаблівая, цёплая атмасфера. У зале сабраліся аматары роднага слова і высокай паэзіі, каб пазнаёміцца з новымі старонкамі творчасці гродзенскай паэтэсы і празаіка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі і Міжнароднага саюза рускамоўных пісьменнікаў — Вольгі Сцяпанаўны Алізар. З уступным словам да прысутных звярнулася дырэктар бібліятэкі Тамара Батыраўна Гайдук.

Вольга Алізар — не толькі таленавітая пісьменніца, але і любячая дачка, жонка і маці траіх дзяцей, прыгожая жанчына, шчыры і добры сябар.

Падчас сустрэчы госці пачулі вершы ў аўтарскім выкананні і змаглі адчуць іх асаблівую інтанацыю і глыбіню. Літаратурную праграму дапоўнілі музычныя выступленні ўдзельнікаў аб’яднання па інтарэсах “Аўтарская песня”, якое працуе на базе Слонімскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

На памяць пра сустрэчу пісьменніца падарыла бібліятэцы свае кнігі і ўласнаручна вышыты ручнік. Напрыканцы ўсе жадаючыя змаглі атрымаць аўтограф і сфатаграфавацца з аўтарам.

Вечар прайшоў у цёплай, душэўнай атмасферы і быў напоўнены любоўю да роднага слова, паэзіі і шчырымі віншаваннямі!