“Я дачка сінявокай краіны”: творчы вечар Вольгі Алізар

У абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Карскага адбылася сапраўдная падзея – першы асабісты вечар таленавітай беларускай пісьменніцы Вольгі Алізар! Гэта быў вечар, напоўнены цеплынёй, любоўю да роднага слова і шчырымі віншаваннямі.
Вольга Сцяпанаўна – аўтар пяці зборнікаў вершаў і апавяданняў, яе творы друкуюцца ў вядомых выданнях, а яе талент неаднаразова адзначаўся на літаратурных конкурсах. Нядаўна яна стала членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, што стала знакавай падзеяй не толькі для яе, але і для галоўнай кніжніцы Прынямоння.
З самага дзяцінства Вольга адчувала моц і прыгажосць беларускай мовы. Хоць пачынала з рускамоўных вершаў, але з цягам часу яе сэрца адгукнулася на родную мову. Першыя публікацыі з’явіліся ў 2004 годзе ў газеце “Да новых перамог” – сімвалічная назва для пачынаючага творцы! І вось, на вечары, яна паказала свой першы верш, прысвечаны, вядома ж, каханню.
Вольга Алізар – гэта не толькі таленавітая пісьменніца, але і любячая дачка, жонка і маці трох дзяцей, прыгожая жанчына, шчыры і добры сябар.
На вечары прысутнічалі калегі з Саюза пісьменнікаў Беларусі, моладзь, старшыня абласнога аддзялення Людміла Кебіч і дырэктар бібліятэкі Марына Ігнатовіч, якія выказалі свае цёплыя віншаванні. Атмасферу свята дапоўнілі цудоўныя музычныя нумары: гучалі аўтарскія песні на вершы Вольгі і беларускія народныя песні ў выкананні гродзенскіх спевакоў.
У завяршэнне сустрэчы Вольга Сцяпанаўна падзялілася сваім талентам, уручыўшы гасцям рушнікі, зробленыя ўласнымі рукамі. Рушнікі з назвамі “Я дачка сінявокай краіны” і “Слуцкія ткачыхі” сталі сімвалам багатай беларускай культуры.
Гэты вечар стаў сапраўдным святам паэзіі, любові да роднага краю і чалавечай душы!