Свята “Радзімы кут, дзе маем гонар жыць”

У філіяле “Азярніцкая сельская бібліятэка” адбылося вельмі цёплае і душэўнае свята “Радзімы кут, дзе маем гонар жыць”. Гэта мерапрыемства стала сапраўднай палітрай талентаў, шчырых слоў і смачных пачастункаў, аб’яднаўшы жыхароў вёскі і гасцей Слонімшчыны.

Адкрыла ўрачыстасць з прывітальным і ўступным словам дырэктар ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа” Гайдук Тамара Батыраўна. Яна адзначыла важнасць захавання мясцовых традыцый і тое, як важна цаніць і любіць свой родны край.

Музычную атмасферу і сапраўдны задор падарыў сустрэчы калектыў аўтаклуба, у выкананні якога прагучалі тры цудоўныя песні. Радаваў гасцей і мясцовы азярніцкі гурт “Крынічанька”, які падарыў слухачам дзве душэўныя музычныя кампазіцыі.

Свята было багатым на творчыя сустрэчы. Перад землякамі выступіла вядомая слонімская пісьменніца Войтка Ірына Антонаўна, а таксама таленавітая педагог і паэтэса Сімончык Наталля Паўлаўна, якая прачытала свае вершы, напоўненыя любоўю да Радзімы. Важным і кранальным момантам стала прамова настаяцеля храма Свяціцеля Мікалая іерэя Леаніда Сенчанка, які благаславіў усіх прысутных і нагадаў пра духоўныя каштоўнасці, што яднаюць пакаленні.

Акрамя багатай канцэртнай праграмы, удзельнікі мерапрыемства змаглі пазнаёміцца з тэматычнай інфармацыйнай выставай, падрыхтаванай адмыслова да Года беларускай жанчыны. Экспазіцыя выклікала вялікую цікавасць у прысутных, бо распавядала пра важную ролю жанчыны ў гісторыі, культуры і захаванні сям’і.

Яркім і смачным фіналам свята стаў традыцыйны восеньскі кірмаш. Тут кожны жадаючы мог пачаставацца разнастайнай хатняй выпечкай, якую з любоўю і шчодрасцю падрыхтавалі гасцінныя жыхары вёскі Азярніца. Свята пакінула пасля сябе самыя светлыя і цёплыя ўспаміны ў сэрцы кожнага, хто завітаў у гэты дзень у бібліятэку.