Паэзія – гэта музыка сэрца

У філіяле “Гудзевіцкая сельская бібліятэка” прайшла літаратурная сустрэча “Паэзія – гэта музыка сэрца”. Госцямі бібліятэкі сталі ўдзельнікі пісьменніцкага клуба “Літаратурны экватар” са сталіцы: Вячаслаў Корбут – пісьменнік, журналіст, кіраўнік клуба, і Інга Вінарская – паэтэса, шэф‑рэдактар.

Прыхільнікі паэзіі былі вельмі рады бачыць нашага земляка Мікалая Пятровіча Іваноўскага – вядомага паэта, члена Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэата прэміі Дубко. Госці з Мінску прыехалі з мэтай прэзентацыі новага зборніка вершаў Мікалая Пятровіча “Жужні, пчолачка, жужні!”. Дзясятая паэтычная кніга сабрала на сваіх старонках найбольш значныя і цікавыя творы аўтара, прысвечаныя любові да пчолак і роднаму краю.

Вячаслаў Корбут расказаў пра кнігу, якая складаецца з пяці раздзелаў: першы мае назву “Вулей”, другі – “Пчолка – мілая істота”, трэці – “Паклон, мой краю”, чацвёрты – “Траўневы ранак”, пяты – “Не кідайся словамі”. Затым прачытаў некалькі вершаў з гэтых раздзелаў.

Інга Вінарская прадоўжыла размову пра кнігу і прачытала некалькі вершаў. Мікалай Пятровіч расказаў аб тым, што пчала ў ягоным светапоглядзе сімвалізуе беларускую гаспадыню, руплівую і гасцінную. У Год беларускай жанчыны – гэта вельмі слушны і карысны вобраз. Затым паэт прачытаў некалькі сваіх новых вершаў, падзякаваў прысутным за сустрэчу і падарыў кожнаму сваю новую кнігу.

Пад акампанемент баяна Яніны Цуркан усе разам праспявалі некалькі песень, напісаных на яе музыку і на вершы Мікалая Пятровіча. Творчыя, інтэлігентныя, цікавыя людзі падарылі прысутным незабыўныя хвіліны цёплай і шчырай размовы, магчымасць адпачыць душой.