Чарнобыль: урок на будучыню
У Харосіцкай сельскай бібліятэцы прайшла экалагічная гадзіна “Чарнобыль: урок на будучыню”, прысвечаная Міжнароднаму дню памяці пра чарнобыльскую катастрофу. Гэтая дата назаўжды застанецца ў гісторыі як сімвал вялікага болю і адначасова бязмежнай мужнасці.
Падчас мерапрыемства дзеці здзейснілі віртуальнае падарожжа ў мінулае, каб дазнацца пра храналогію самай страшнай ядзернай катастрофы ХХ стагоддзя. Бібліятэкар падрабязна распавяла пра першыя гадзіны пасля аварыі на АЭС, пра нябачную небяспеку радыяцыі і пра сапраўдны гераізм ліквідатараў. Гэтыя людзі, не шкадуючы свайго здароўя і жыцця, сталі на шлях агністай стыхіі, каб абараніць свет ад глабальнай бяды.
Разам з удзельнікамі мерапрыемства былі абмеркаваны цяжкія экалагічныя наступствы для прыроды Беларусі і ўплыў радыяцыйнага фону на здароўе чалавека. Асаблівая ўвага была ўдзелена тэме адраджэння пацярпелых зямель. На заканчэнне сустрэчы прысутныя прыйшлі да высновы: Чарнобыль — гэта не толькі трагедыя мінулага, але і важны ўрок адказнасці чалавека перад прыродай у будучыні.