Калі валошка прыходзіць у госці

Ці чулі вы калі-небудзь, каб кветкі пісалі пісьмы? А вось маленькія гродзенцы не проста атрымалі такое пасланне, але і пазнаёміліся з сапраўднай казачнай госцяй.

Дзіцячы аддзел абласной бібліятэкі наведалі выхаванцы дзіцячага сада

№28 г. Гродна. Для юных чытачоў было праведзена забаўляльна-пазнавальнае мерапрыемства “Скарбонка роднага слова. Валошка”.

Пачатак сустрэчы стаў сапраўднай нечаканасцю: спачатку дзеці атрымалі таямнічы ліст ад валошкі, а праз хвіліну сінявокая госця сама з’явілася ў зале. Малыя з захапленнем слухалі цікавосткі пра сімвал беларускай прыроды, а потым з азартам уключыліся ў гульню-эстафету, дзе сярод россыпу розных кветак бездакорна знаходзілі менавіта валошкі.

Творчы працяг быў не менш яркім: маленькія майстры стварылі прыгожыя аплікацыі “Валошкавы букет”, а ў фінале пабудавалі з лега-канструктара цэлае “чароўнае поле”.

Гэты дзень падарыў дзецям не толькі мора эмоцый і новых уражанняў, але і паказаў, якім жывым, цікавым і блізкім можа быць роднае беларускае слова.