Літаратурны палёт: таямніцы роднага краю

Ці можна абляцець усю Беларусь за адзін тыдзень, зазірнуць у самыя патаемныя куткі краіны і разгадаць таямніцы яе старажытных гарадоў? На чароўным “казкалёце” вядомага дзіцячага пісьменніка Уладзіміра Ліпскага магчыма і не такое.
Кніга “На казкалёце па Беларусі” — захапляльная літаратурная вандроўка для маладых даследчыкаў і ўсіх, хто любіць родны край. Аўтар дзеліцца любоўю да роднага краю, да яго слаўных жыхароў і дасягненняў, захапляецца прыгажосцю святынь, роднай мовы і непаўторнасцю жывой прыроды, а таксама заклікае кожнага паважаць і берагчы Радзіму.
Разам з героямі чытачы адправяцца ў палёт над сінявокай Беларуссю, наведаюць самыя значныя, прыгожыя і гістарычныя месцы кожнай вобласці. Наведаюць і славутую Гродзеншчыну з яе велічнымі замкамі і Каложай, паслухаюць шэпт Белавежскай пушчы (якая часткова знаходзіцца ў Свіслацкім раёне) і адкрыюць для сябе гісторыю іншых непаўторных краявідаў Прынёманскага краю.
Кніга падыходзіць для дзяцей, а таксама для бацькоў, якія хочуць у гульнявой форме прывіць дзіцяці цікавасць да гісторыі, культуры і мовы Беларусі. Напісаная жывой, мілагучнай мовай, кніга не толькі знаёміць з выдатнымі гістарычнымі месцамі і святынямі, але і ў займальнай форме, праз прызму казачнасці, цікавых фактаў тлумачыць паходжанне назваў месяцаў года.
З кнігай можна пазнаёміцца ў аддзеле даведачна-інфармацыйнай і краязнаўчай работы па адрасе: вул. Карбышава, 17 (каб. 107).
Запрашаем юных чытачоў у займальную вандроўку па Беларусі, па яе слаўных гарадах і вёсках.