XXІ Гродзенскія чытанні адбыліся!

30 верасня ў бібліятэцы імя Я. Карскага адбыліся XXІ Абласныя Гродзенскія чытанні “Гродзеншчына літаратурная: дыялог скрозь час”.

Мерапрыемства адкрыла дырэктар абласной бібліятэкі Марына Эдвардаўна Ігнатовіч. Прывітальныя словы прагучалі ад старшыні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, дырэктара УП “Выдавецтва “Беларусь” Карлюкевіча Аляксандра Мікалаевіча і старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Людмілы Антонаўна Кебіч.

Падчас сустрэчы разгарнулася разнапланавая дыскусія пра ролю рэгіянальнага творцы і літаратуры ў адлюстраванні гістарычных працэсаў. Сваімі даследаваннямі падзяліліся навукоўцы, пісьменнікі, краязнаўцы, супрацоўнікі музеяў і бібліятэк ды студэнцкая моладзь.

Даследчыкі па-новаму асэнсавалі гродзенскі кантэкст у лёсах і творах Элізы Ажэшкі, Янкі Брыля, Іосіфа Рабіна і іншых пісьменнікаў. У дакладах арганічна сумяшчаліся як класічныя тэмы — спадчына Цёткі і проза Уладзіміра Ягоўдзіка, так і сучасныя імпульсы: жанр нон-фікшн на аснове партызанскіх дзённікаў і інтэрактыўныя фарматы выхавання падлеткаў.

На працягу чытанняў атмасферу мерапрыемства дапаўнялі інфармацыйныя прагляды літаратуры: “Паміж радкоў: гродзенскі акцэнт”, “Чытаем творы беларускіх аўтараў ад А да Я”.

XXI Абласныя Гродзенскія чытанні сталі знакавай падзеяй у культурным жыцці рэгіёна і чарговы раз засведчылі багацце літаратурных традыцый Прынёманскага краю!