Ад «А» да «Я» — чытаем беларускіх аўтараў

Гродзенская абласная навуковая бібіліятэка імя Я.Карскага ў межах рэспубліканскай акцыі “Кожная пятніца – роднае, сваё” распачынае новы творчы праект “Чытаем беларускіх аўтараў: ад “А” да “Я”.
Літара “Э”
Вось мы і амаль дабраліся да фінішу. Літары “А”, “Б”, “В”… Мы прайшлі іх адна за адной, узгадвалі знаёмыя прозвішчы, адкрывалі сучасных аўтараў, збіралі сваю літаратурную мапу Беларусі. Зараз наш шлях ляжыць праз “Э” – літару, якая чамусьці ў гэтым марафоне здаецца нечаканым паваротам.
І вось які сюрпрыз нас чакае: прозвішчаў беларускіх пісьменнікаў на “Э” няма. Ніводнага. Здавалася б, тут можна паставіць кропку. Але не! Мы вырашылі: калі няма аўтараў на “Э”, значыць, будзем шукаць кнігі, назвы якіх пачынаюцца з гэтай літары.
Успомніце “Энцыклапедыю літаратуры і мастацтва Беларусі” – гэта сапраўдная скарбніца ведаў, выдадзеная яшчэ ў 1984-1987 гадах, але дагэтуль незаменная для тых, хто хоча глыбей пазнаць беларускую культуру.
Побач з ёй стаіць “Энцыклапедыя прыроды Беларусі” – пра нашы лясы, рэкі, азёры, жывёл і расліны. Выданне 1983-1986 гадоў дагэтуль лічыцца адной з самых грунтоўных прыродазнаўчых кніг у нашай гісторыі.
Гэтыя шматтомныя выданні – не проста кнігі, яны – памяць народа, яго гісторыя і гонар.
А для тых, хто цікавіцца гісторыяй і культурай, ёсць каштоўная кніга “Этналогія Беларусі” – грунтоўнае даследаванне традыцый, звычаяў, міфалогіі і матэрыяльнай культуры нашых продкаў.
Асобна хочацца спыніцца на зборніку “Эльдарада просіць дапамогі”, дзе змешчаны хрэстаматыйныя творы вядомых айчынных і замежных пісьменнікаў, а таксама вершы нашых паэтаў, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайны і Году беларускай жанчыны.
Нельга абмінуць і знакамітую “Энеіду навыварат” – адзін з першых твораў новай беларускай літаратуры, напісаны ў пачатку XIX стагоддзя. Гэта гумарыстычная паэма-травестыя, дзе антычныя героі ператвараюцца ў беларускіх шляхціцаў і сялян, а багі жывуць у карчме.
Літара “Э” – гэта загадка, якую цікава разгадваць. Гэта доказ таго, што беларуская літаратура жывая, разнастайная і заўсёды гатовая здзівіць.
Запрашаем вас наведаць аддел абанемента па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201, дзе падрыхтавана выстава “Экспедыцыя ў Э”.
Да сустрэчы ў бібліятэцы!

Літара “Ш”
Кожная літара ў алфавіце — гэта сапраўдная музычная нота ў вялікай сімфоніі роднай мовы. Асаблівае месца сярод іх займае літара «Ш». Як толькі пачынаецца дождж, мы адразу чуем, як ён шуміць за акном. А калі мы ідзем па лесе, пад нагамі прыемна шалясціць лістота. Калі чытаем кнігу, чуем шамаценне яе старонак. Літара «Ш» робіць нашу мову жывой, выразнай і непаўторнай.
Іван Шамякін – народны пісьменнік Беларусі, адзін з класікаў айчыннай літаратуры, творы якога перакладаліся больш чым на 30 моў свету. Усе самыя важныя падзеі, што адбываліся ў савецкай краіне на працягу амаль шасці дзесяцігоддзяў, знайшлі адлюстраванне ў яго аповесцях і раманах.
Алесь Шашкоў – празаік, які ўнёс свой уклад у развіццё рэалістычнай вясковай і сацыяльна-псіхалагічнай прозы.
Васіль Шырко – беларускі празаік і публіцыст, вядомы сваімі творамі пра жыццё беларускай вёскі і асэнсаваннем гістарычнага лёсу нацыі.
Уладзімір Шыцік—адзін з заснавальнікаў айчыннай навуковай фантастыкі.
Ірына Шатыронак – пісьменніца, празаік, журналіст, літаратурны крытык. Пасля заканчэння факультэта журналістыкі БДУ жыве і працуе ў г. Гродна.
Запрашаем Вас бліжэй пазнаёміцца з творчасцю таленавітых пісьменнікаў у дзіцячы аддзел па адрасе: вул. Савецкая, 25.

Літара “Ч”
Чароўная літара “Ч” — сапраўдная скрыпачка нашага алфавіта! Толькі ўявіце: яна заўсёды гучыць мякка і далікатна, нібы шэпт ветру, а сваім напісаннем нагадвае лічбу 4 ці перакуленае крэсла.
У юнацкім аддзеле сабрана шмат разнастайнай літаратуры, і сёння мы бліжэй пазнаёмімся з кнігамі на літару “Ч”. Беларуская літаратура багатая на яркія імёны, вядомыя далёка за межамі краіны. Залаты фонд класікі, пранізлівая ваенная проза і смелыя сучасныя раманы складаюць спадчыну аўтараў, якія сталі гонарам нацыі. Гэта Вітаўт Чаропка, Мікалай Чаргінец, Кузьма Чорны, Міхась Чарот, Ян Чачот, Іван Чыгрынаў, Міхась Чарняўскі, Ганна Чыж-Літаш, Алесь Чобат і іншыя таленавітыя пісьменнікі.
Зборнік “Чароўная скарбніца” аб’яднаў трох аўтараў і прызначаны для дзіцячай аўдыторыі — на яго старонках герояў чакаюць займальныя прыгоды. А зборнік “Чорная панна Нясвіжа” пазнаёміць чытачоў з выдатнымі творамі беларускіх драматургаў.
Гэта ўсе яскравыя, таленавітыя пісьменнікі Беларусі, чые імёны, як запамінальная мелодыя, пераўтвараюць асваенне новай літары алфавіта ў сапраўднае падарожжа!
Запрашаем пазнаёміцца з кнігамі ў юнацкі аддзел па адрасе: вул. Ажэшка, 17.

Літара “Ц”
Літара «Ц» – гэта ўнікальны і дзіўны сімвал у славянскай азбуцы, які нясе ў сабе глыбокі сэнс і прыгажосць. Яна дорыць нам словы, што саграваюць сэрца: цеплыня, цішыня, цуд, цацка, церамок, цень – усе яны напаўняюць наш свет добрымі эмоцыямі. А таксама «Ц» уяўляе сабою сувязь з вялікай гісторыяй і культурай, перадае прыгажосць і веліч слоў: царэўна, царства, цывілізацыя, цвёрдасць.
Сярод вядомых беларускіх мастакоў на літару «Ц» вылучаюцца выдатныя асобы, кожны з якіх унёс у мастацтва непаўторны след: Віталь Цвірка – майстар эпічнага пейзажу, які ў сваіх работах раскрываў сілу і святло роднай зямлі. Ён пакінуў глыбокі след у гісторыі беларускага жывапісу. Яўген Ціхановіч – вядомы беларускі жывапісец і тэатральны мастак, які стварыў выдатныя тэматычныя карціны і партрэты, напоўненыя эмацыйнай глыбінёй. Уладзімір Церабун – мастак, які перадаў у сваіх творах цяпло, памяць і гонар за Радзіму.
Усім вядомы дзеяч беларускай культуры XX стагоддзя – Генадзь Цітовіч – харывы дырыжор, музыказнаўца, фалькларыст. Ён быў чалавекам, закаханым у мастацтва свайго народа, яго творчасць пранікае ў сэрца кожнага.
Запрашаем вас у аддзел мастацтва пазнаёміцца з кнігамі беларускіх аўтараў.
Прыходзьце! Выбірайце! Чытайце!
Наш адрас: вул. Савецкая, 25 (уваход з вул. Калючынскай). Тэл.: 62-03-12.

Літара “Х”
Шукаеце “ікс” у літаратурным раўнанні? У матэматыцы “Х” азначае невядомае. А вось у беларускай літаратуры гэта знак сапраўдных скарбаў і адкрыццяў! Прапануем вам разгадаць гэтую формулу і пазнаёміцца з чатырма самабытнымі аўтарамі:
Хомчанка Васіль — летапісец мінулага. Беларускі пісьменнік, чыё жыццё само па сабе магло бы легчы ў аснову займальнага рамана. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ён прайшоў шлях ад камандзіра мінамётнага ўзвода да загадчыка рэдакцыяй прозы ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Творчасць Васіля Фёдаравіча шматгранна: ён вядомы як аўтар вострасюжэтнай, гістарычнай прозы і як дзіцячы пісьменнік. Для знаёмства з яго прозай ідэальна падыдзе зборнік “Пры апазнанні – затрымаць”, у які ўвайшлі тры аповесці, адна з якіх прысвечана класіку беларускай літаратуры Францішку Багушэвічу.
Хадасевіч-Лісавая Кацярына — чараўніца з краіны дзяцінства. Яркая зорка сучаснай беларускай дзіцячай літаратуры, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Яна стварыла болей двух дзясяткаў кніг, якія любяць і дзеці, і дарослыя. Кніга аповесцей “Ратавальнік” — гэта каханне і здрада, сяброўства і саперніцтва. Захапляльнасці сюжэту надаюць містычныя падзеі, якія адбываюцца з героямі.
Хвалей Яўген — спявак роднага краю. Паэт, празаік, крытык і публіцыст. Яго творчасць –— гэта глыбокае даследаванне сувязі чалавека з роднай зямлёй, яе гісторыяй і культурай. Яго пяру належаць як паэтычныя зборнікі, так і дэтэктывы і аповесці для юнацтва.
Паэт духоўных каштоўнасцей: Валянцін Хмара – лірык, для якога галоўным у творчасці заўсёды былі духоўныя арыенціры і любоў да малой радзімы. Яго паэзія пранізана цёплымі ўспамінамі пра дзяцінства і глыбокай прыхільнасцю да роднай зямлі.
Беларускае слова на літару “Х” — гэта Характар і Хвалебнасць. Прыходзьце ў аддзел даведачна-інфармацыйнай і краязнаўчай работы па адрасе: вул. Карбышава, 17. Да новых сустрэч на літаратурных сцяжынках!

Літара “Ф”
Нашае алфавітнае падарожжа робіць паўзу ля літары “Ф” — ціхай, але поўнай гукаў і пачуццяў. Тут сабраныя тонкія галасы і вялікія сэрцы, якія шэпчуць пра свет праз словы.
Фамянкова Ірына — постаць, што стаіць верна пры слове, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар сямі кніг. Яе творы — нібы мастаковыя штрыхі па паперы часу.
Фадзеева Святлана піша і для дарослых, і для дзяцей. У яе апавяданнях і казках жыве цяпло і простая мудрасць.
Федзіенка Васіль — паэт дзіцячай душы. Яго вершы ідуць побач з маленькім чытачом, вучаць бачыць цуды ў звычайным.
Фралова Іна — паэт, празаік і перакладчыца. Яе зборнік “Белы бераг” кранае сэрца. Лірыка Іны — глыбокая і сугучная нашаму часу. Сярод твораў, што не пакідаюць абыякавымі: “Сады Малітвы”, “Я дачакаюся цябе са ста дарог”, “Зямное шчасце”, “Капялюшык у шакаладзе”, “Сустрэча”, “Мова”, “Мой рай чабаровы” і шмат іншых. Асобны цёплы куточак — кнігі для дзяцей: “Самы лепшы дзень” — вясёлыя і павучальныя вершы на роднай мове; “Залатыя рыбкі” — збор праўдзівых гісторый; “Калі адцвіце ядловец” — апавяданні, гумарэскі, замалёўкі, мініяцюры і вершы, дзе героі робяць свой маральны выбар і дзе паэтыка спалучаецца з роздумам пра жыццё.
Каб дакрануцца да радкоў роднай мовы, прыходзьце за кнігамі ў абласную бібліятэку па адрасе: вул. Карбышава, 17.

Літара “У”, “Ў”
Працягваем наша літаратурнае падарожжа па беларускім алфавіце. Дабраліся да, бадай, самых незвычайных і ўнікальных літар – “У” і “Ў”. Гук [ў] сустракаецца толькі ў некалькіх мовах свету і для беларусаў з’яўляецца асаблівым знакам нацыянальнай ідэнтычнасці, які надае мове мяккае гучанне.
Сярод тых, хто працуе на ніве літаратуры, варта згадаць Вікторыю Уласевіч. Яна фіксуе і сістэматызуе новыя запазычаныя словы, якіх за апошнія дзесяцігоддзі з’явілася вельмі шмат. Яе кніга “Слоўнік новых запазычаных слоў беларускай мовы” – спроба “злавіць момант” і зафіксаваць тое, што можа стаць нормай.
Якуб Усікаў – не проста літаратуразнавец, а чалавек, які глыбока разумеў беларускую драматургію. У сваім літаратурна-крытычным нарысе “Беларуская камедыя” ён даследуе станаўленне і развіццё камедыі ў дакастрычніцкі і савецкі час. Асаблівую ўвагу ў манаграфіі займае аналіз майстэрства выдатнага беларускага камедыёграфа Янкі Купалы.
Літара “У” хавае адну з незвычайных кніг – “У пошуках папараць-кветкі”, у якой прадстаўлены беларускія народныя легенды і паданні, якія адлюстроўваюць міфапаэтычныя ўяўленні пра стварэнне свету, паходжанне геаграфічных назваў і прыродных аб’ектаў.
Алесь Усеня, Наталля Уладзімірава, Аляксандра Ус – гэтыя імёны таксама складаюць каштоўны фонд нацыянальнага пісьменства.
Запрашаем за кнігамі ў аддзел абанемента па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.

Літара “Т”
Літара “Т” займае адметнае месца ў беларускай культуры. Яна асацыіруецца з цэлым шэрагам натхняльных паняццяў: творчасць і талент, традыцыя, трыумф і таямніца.
Нездарма менавіта з гэтай літары пачынаюцца прозвішчы выбітных майстроў слова, якія пакінулі і пакідаюць значны след у нашай літаратуры. Гэта народны паэт Максім Танк, гісторык і пісьменнік Сяргей Тарасаў, празаікі Сяргей Трахімёнак і Юрый Татарынаў, драматург Васіль Ткачоў, рэжысёр Алена Турава і іншыя.
Свет твораў гэтых аўтараў надзвычай разнастайны. У іх кнігах ажывае старажытная гісторыя нашай краіны, паўстаюць велічныя постаці мінулых эпох і раскрываюцца таямніцы мінуўшчыны. Побач з гістарычнай памяццю ў іх творчасці гарманічна суіснуе сучаснасць. Праз вершаваныя і празаічныя радкі аўтары па-майстэрску перадаюць нацыянальны каларыт, шчырае дзіцячае светаўспрыманне і тыя вечныя каштоўнасці, на якіх трымаецца жыццё: любоў да Радзімы, дабрыню і чалавечнасць.
Запрашаем пагрузіцца ў займальны і пазнавальны свет літаратуры ў дзіцячы аддзел па адрасе: вул. Савецкая, 25.

Літара “С”
Ці задумваліся вы калі-небудзь, як гучыць літара “С”? Варта толькі вымавіць яе — і вусны складваюцца ў лагодную ўсмешку. Можа, таму менавіта з яе пачынаюцца самыя светлыя словы: світанак, спакой, салодкасць.
У беларускай мове “С” — гэта больш, чым проста літара. Гэта пачатак самога слова. Гэта музыка спеву. Гэта рытм нашага сэрца і цяпло сонца, што сагравае кожную старонку роднай літаратуры.
Літара “С” вядзе нас па пратаптаных сцяжынках творчасці таленавітых майстроў: Янкі Сіпакова і Міхася Стральцова, Грыгорыя Саланца і Надзеі Салодкай, Наталлі Саветнай, Франца Сіўко і Міхася Стральчэні. Іх радкі адгукаюцца ў душы салаўіным спевам, абуджаючы цэлую гаму пачуццяў.
Асаблівай мелодыяй гучаць зборнікі “Созвучие” — супольныя альманахі, якія прэзентуюць творы як вядомых, так і маладых беларускіх і расійскіх пісьменнікаў.
Запрашаем вас адчуць прыгажосць роднага слова і пазнаёміцца з творамі аўтараў у юнацкім аддзеле па адрасе: вул. Ажэшка, 17.

Літара “Р”
Літара “Р” — адна з самых рашучых на прасторах беларускага алфавіта. Яна нараджае словы, напоўненыя сэнсам і энергіяй: рэспубліка, род, рытм, радасць, разведчык, рэванш. Яна гучыць па-рознаму, але толькі ў слове “Радзіма” напаўняецца цяплом родных прастораў і памяццю аб дзяцінстве.
Рагвалод і Рагнеда. Іх імёны сталі легендай. Рагвалод нагадвае нам аб сіле зямлі і продкаў. Рагнеда — аб сіле духу і здольнасці выжываць, захоўваючы чалавечую годнасць у самых суровых выпрабаваннях.
Фердынанд Рушцыц, Вячаслаў Руцай, Іван Рэй — гэта імёны, якія гучаць у беларускай культуры з асаблівым гонарам. Кожны з гэтых мастакоў унёс важкі ўклад у развіццё беларускага мастацтва, праслаўляючы сваю Радзіму. Іх спадчына жыве ў сэрцах беларусаў, нагадваючы пра важнасць захавання і праслаўлення сваёй культуры.
Васіль Раінчык — вядомы кампазітар і піяніст, мастацкі кіраўнік ансамбля “Верасы”, адыграў вялікую ролю ў развіцці і папулярызацыі беларускай эстраднай музыкі.
Запрашаем вас у аддзел мастацтва пазнаёміцца з кнігамі беларускіх аўтараў.
Наш адрас: вул. Савецкая, 25 (уваход з вул. Калючынскай). Тэл.: 62-03-12.
Прыходзьце! Выбірайце! Чытайце!

Літара “П”
Сёння мы з вялікім задавальненнем прадстаўляем вам невялікую, але неверагодна яркую паліцу з літарай “П”. Перад вамі — Паэзія, Проза і Перыядычныя выданні.
Паэзія — гэта сэрца літаратуры. Яна не столькі расказвае, колькі перадае стан душы. Паэзія жыве момантамі — успышкай пачуцця, вастрынёй думкі, музыкай паўз. Усё гэта вы адчуеце, дакрануўшыся да творчасці паэтаў Гродзеншчыны: Яўгена Петрашэвіча, Руслана Піваварава і Ірыны Полудзень.
Проза — гэта дыханне розуму і назіральнасць. Празаік вядзе чытача праз лабірынт падзей, характараў і абставін. Тут час цячэ інакш: можна апісаць адзін момант на дваццаці старонках або пранесці героя праз дзесяцігоддзі ў адным абзацы. Так і адбудзецца, калі вы возьмеце сучасны беларускі дэтэктыў Віктара Праўдзіна “Танцевальный марафон”. Захапляльны сюжэт не пакіне абыякавым чытача. Аўтар праводзіць сваіх герояў праз усе гістарычныя падзеі: рэвалюцыю, жыццё ў 30-я гады, развал Савецкага Саюза і , нарэшце, нашы дні. Для дзяцей будуць цікавыя апавяданні Івана Пяшко “Сінія васількі” пра гісторыю роднага краю.
Зборнікі “Пад небам высокім Радзімы” і “Пяшчота верасу” аб’ядноўваюць і прозу, і паэзію. Кнігі адрасаваны ўсім аматарам роднага слова.
Перыядычныя выданні — гэта пульс эпохі. Газеты “Перамога”, “Перспектива”, “Полымя”, “Праца”, “Принеманские вести” аператыўна адгукаюцца на падзеі і фарміруюць грамадскую думку.
Наша літаратура на літару “П” — гэта правільна і патрэбна. Прыходзьце ў аддзел даведачна-інфармацыйнай і краязнаўчай работы па адрасе: вул. Карбышава, 17 — браць кнігі і газеты, чытаць і перачытваць. Да новых сустрэч на літаратурных сцяжынках!

Літара “О”
Мы працягваем наш праект “Чытаем беларускіх аўтараў ад А да Я”. Сёння ў цэнтры нашай увагі літара “О”. Яна, як сапраўдная загадка, хавае свае сакрэты ў беларускай мове. Прозвішчы беларускіх дзеячаў, якія пачынаюцца на “о” вельмі рэдкія. Але кожны з іх, нягледзячы на сваю малалікасць, пакінуў глыбокі і непаўторны след у гісторыі нашай краіны. Яны – як зоркі, што свецяць ярка, нягледзячы на сваю аддаленасць.
Оргіш Вячаслаў – беларускі філосаф і сацыёлаг, доктар філасофскіх навук. Аўтар навуковых прац па праблемам філасофіі культуры , сацыялогіі рэлігіі: Оргиш, В. П. Истоки христианства: культурно-исторический генезис; Оргиш, В. П. Античная философия и происхождение христианства.
Орда Напалеон – знакаміты мастак, кампазітар, жыццё і творчасць якога звязаны непасрэдна з Беларуссю. Значная калекцыя літаграфій Напалеона Орды захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы, а мы прапануем вам пазнаёміцца з працамі таленавітага мастака і кампазітара з фонда нашай бібліятэкі: Шэдэўры беларускай архiтэктуры ў малюнках Напалеона Орды, Рытмы замкаў і сядзіб [Ноты] : творы для фартэпіяна ў 4 рукі, Напалеон Орда [Изоматериал] = Napoleon Orda : з фондаў Нац. б-кі Беларусі, Напалеон Орда [Выяўленчы матэрыял] : [альбом] / аўтар тэксту і складальнік Ю. У. Лісай; пераклад на англійскую мову: А. В. Валасач; Несцярчук, Л. М. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : [кніга―альбом].
Чытайце самі! Чытайце разам з намі!

Літара “Н”
На гэтым тыдні бібліятэка прапануе звярнуць асаблівую ўвагу на кнігі беларускіх аўтараў, прозвішчы якіх пачынаюцца на літару “Н”.
“Н” – гэта Невядомае, якое нам толькі трэба адкрыць, “Н” – гэта Незвычайнае, якое хаваецца ў звыклых радках. І, нарэшце, “Н” – гэта Найлепшае, што стварылі беларускія аўтары.
Іван Навуменка – народны пісьменнік Беларусі, чыё жыццё і творчасць сталі сімвалам сувязі пакаленняў. Прайшоўшы праз вайну, ён прысвяціў сябе стварэнню глыбокай псіхалагічнай прозы і даследаванню беларускай літаратуры. Яго творы – гэта роздум пра лёс чалавека, непарыўную сувязь з роднай зямлёй.
Уладзімір Несцяровіч – празаік, паэт, журналіст і мастак. Яго творчасць – гэта шматгранны дыялог з навакольным светам, дзе кожная дэталь набывае асаблівае гучанне.
Аляксей Ненадавец – вучоны, літаратуразнавец і фалькларыст. Навуковыя даследаванні беларускай міфалогіі, краязнаўства і фальклору сталі важным укладам у захаванне і асэнсаванне духоўнай спадчыны нашага народа.
Алесь Наварыч, Васіль Найдзін, Юрась Нераток, Янка Нёманскі, Сяргей Новік-Пяюн, Рыгор Няхай і многія іншыя аўтары, чые прозвішчы пачынаюцца на літару “Н”, унеслі вялікі ўклад у захаванне беларускай ідэнтычнасці.
Кнігі гэтых пісьменнікаў прадстаўлены на тэматычнай выставе ў аддзеле абанемента па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201. У вас ёсць цудоўная магчымасць адкрыць для сябе забытыя імёны і перачытаць любімыя радкі мастакоў слова!

Літара “М”
Літара “М” — адна з самых цёплых і важных у нашай мове. Яе гучанне такое мяккае, пяшчотнае, нібы нясе ў сабе святло, любоў і дабрыню.
Менавіта з літары “М” пачынаецца самае галоўнае, самае святое слова — МАМА. Гэта гук мацярынскай любові, які супакойвае і дае сілы.
Дзякуючы літары “М”, мы разумеем, што такое МІР — каштоўная цішыня і згода, без якіх немагчыма шчаслівае жыццё.
“М” — гэта і наша родная МОВА: меладычная, багатая, падобная да песні. Немагчыма ўявіць беларускую класіку без імёнаў, якія пачынаюцца з гэтай літары: Іван Мележ і Андрэй Макаёнак, Уладзімір Мазго і Іван Муравейка, Алесь Марціновіч… Іх творчасць — гэта сапраўдная скарбніца мудрасці, якая вучыць нас любіць родны край і разумець саміх сябе. Іх кнігі — гэта падарожжа ў гісторыю і душу нашага народа.
Запрашаем вас пагрузіцца ў цудоўны свет кніг нашых знакамітых пісьменнікаў у дзіцячы аддзел па адрасе: вул. Савецкая, 25.

Літара “Л”
Колькі прыгожых і цёплых слоў пачынаецца з літары “Л”! Любоў, ласка, лагоднасць — яны гучаць мякка, але ўпэўнена, напаўняючы нашу мову непаўторнай цеплынёй. Літара “Л” лёгкай хадой праводзіць чытача праз прасторы лірыкі, летуценняў і легенд. Менавіта дзякуючы ёй беларускае пісьменства ліецца вольна, нібы спрадвечная мелодыя роднага краю.
Гэтая літара аб’яднала сузор’е таленавітых майстроў слова, чые імёны сталі гонарам нашай літаратуры: Міхась Лынькоў, Уладзімір Ліпскі, Леанід Левановіч, Аксана Ласоўская, Маргарыта Латышкевіч, Алена Ляшкевіч
Міхась Лынькоў – класік, аўтар знакамітай аповесці “Міколка-паравоз”, які выхаваў не адно пакаленне чытачоў у любові да роднай зямлі.
Уладзімір Ліпскі – майстар слова, які дорыць дзецям і дарослым цудоўныя казкі і апавяданні, поўныя цяпла і мудрасці.
Леанід Левановіч, Аксана Ласоўская, Маргарыта Латышкевіч і Алена Ляшкевіч – таленавітыя сучасныя аўтары, чые творы працягваюць лепшыя традыцыі нацыянальнага пісьменства.
Іх прозвішчы, аб’яднаныя літарай “Л”, гучаць як любоў да роднага слова, як лірызм і літаратурная ласка.
Запрашаем Вас бліжэй пазнаёміцца з творчасцю гэтых і адкрыць для сябе новыя старонкі беларускай душы ў юнацкі аддзел па адрасе: вул. Ажэшка, 17.

Літара “К”
У свеце слоў і гукаў літара “К” займае асаблівае месца – яна нібы ключ, які адчыняе дзверы да ведаў і бясконцых прастораў фантазіі. Каханне, кніга, казка, клопат, класіка, край, культура – словы, напоўненыя глыбокім сэнсам і прыгажосцю.
Сапраўдныя мастакі слова – пісьменнікі на літару “К”: Янка Купала, Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Аркадзь Куляшоў, Аляксей Карпюк, Алесь Карлюкевіч. Праз іх творы мы вучымся цярпенню і спагадзе, мужнасці і надзеі.
Людзі мастацтва – Мікалай Кузьміч, Кастусь Качан, Анатоль Кішчанка, Арлен Кашкурэвіч, з задавальненнем дэманструюць сваю творчасць у шыкоўных альбомах, што знаходзяцца на кніжных паліцах.
Зборнікі “Краязнаўчыя запіскі” знаёмяць са знакамітымі гродзенцамі і гісторыяй нашага краю.
Газета “Культура” – скарбніца ведаў, дзе кожны артыкул адлюстроўвае разнастайнасць і багацце чалавечага духу. Тут можна даведацца аб навінках кіно, тэатра, выстаў, кніг і музыкі.
Запрашаем вас у аддзел мастацтва пазнаёміцца з кнігамі беларускіх аўтараў.
Прыходзьце! Выбірайце! Чытайце!
Наш адрас: вул. Савецкая, 25 (уваход з вул. Калючынскай).
Тэл.: 62-03-12.

Літара “І”
Літары — яны як людзі. У кожнага свой характар. Вось “А” – аб’ектыўная, абавязковая, заўсёды важная, салідная. “Б” – бойкая, бадзёрая, хуткая. А “І”… “І” – іскрамётная, інтарэсная, крыху таямнічая, нібы прыадчыненая дзвер у мір, дзе ўсё звязана між сабой: гісторыя і сучаснасць, шчырасць і мастацтва. Хочаце, пройдземся ўздоўж гэтай паліцы? Мы знімем з яе для вас самае цікавае.
І першым на літару “І” прадстаўляем навукова-папулярнае выданне ”Іканапіс і алтарны жывапіс Беларусі XVI- пачатку XIX стагоддзя”. Гэта ўнікальны альбом-каталог, які з’яўляецца вынікам шматгадовай працы рэстаўратараў і навуковых супрацоўнікаў музеяў. Для народа Беларусі заўсёды была важнай духоўная аснова жыцця. Яна дазволіла захаваць нацыянальнае адзінства, мову і культуру ў складаныя гістарычныя перыяды.
Далей пагартаем газету “Іўеўскі край”, якая выходзіць з 1991 года і на сённяшні дзень у нашай бібліятэцы захоўваецца 3500 экзэмпляраў перыядычнага выдання. З газеты можна даведацца пра самыя актуальныя навіны Іўеўскага раёна. Напрыклад, пра тое, што жанчынам прапануюць паўдзельнічаць у Адзіным Дне жаночага здароў’я і ў практычным семінары па саломапляценню.
Кніга “Іўе:гісторыя, падзеі, людзіі” пазнаёміць чытача са старажытным і сучасным горадам. Ва ўсе часы Іўеўшчына была вядома сваімі гістарычнымі мясцінамі, помнікамі культуры і знакамітымі землякамі, якія праслаўляюць родны край.
Яшчэ на нашай паліцы на літару “І” вас чакае сустрэча з сучаснай прозай і паэзіяй. Анатоль Іверс і Мікалай Іваноўскі, зборнікі “Игла в квадрате”, “Інструкцыя па спакушэнні замужных жанчын”, “І ўзімку лілеі цвітуць…”. Гэта сустрэча не проста чытанне, а магчымасць пачуць родную мову ва ўсёй яе прыгажосці. У гэтыя кнігі ўвайшлі творы аўтараў розных пакаленняў, і кожны, хто будзе трымаць іх у руках, знойдзе ў іх чтосьці для сваёй душы.
Таму, калі ў наступны раз будзеце браць кнігі беларускіх аўтараў на літару “І”, памятайце: вы трымаеце ў руках не проста паперу і друкарскую фарбу. Вы трымаеце Індывідуальнасць, Ісціну і Імя.
Прыходзьце да нас, у аддзел даведачна-інфармацыйнай і краязнаўчай работы па адрасе: вул. Карбышава, 17. Полка з літарай “І ” заўсёды чакае вас!

Літара “З”
Мы працягваем наш творчы праект “Чытаем беларускіх аўтараў ад А да Я”. Сёння ў нашым літаратурным календары — звонкая літара “З”.
Запрашаем вас бліжэй пазнаёміцца з таленавітымі і самабытнымі майстрамі беларускага слова: Васілём Зуёнкам, Анатолем Зэкавым, Міколам Засімам, Сяргеем Зуёнкам і Алесем Зараскоўскім.
Тэмы іх твораў бязмежныя, як само жыццё: ад шчырай любові да Радзімы і маці да трагічных старонак вайны. У іх творчым багажы — і захапляльныя гістарычныя раманы, і цудоўныя пераклады казак. Але ёсць тое, што аб’ядноўвае гэтых розных аўтараў, — бязмежнае любаванне беларускай прыродай.
Беларусь — край велічных лясоў, блакітных азёр і крыніц з жывою вадой. А сапраўдны вянец гэтай прыгажосці — нашы крылатыя суседзі. Назіраць за імі — сапраўднае задавальненне! А калі ўявіць, што птушкі маюць чалавечыя рысы, то нараджаюцца такія займальныя гісторыі, як у новай кнізе Анатоля Зэкава “Вучоныя вароны”.
Гэта не проста выданне, а каляровае падарожжа, аздобленае аўтарскімі фотаздымкамі. На яго старонках птушкі ажываюць: яны чытаюць кнігі, рупліва мятуць лісце і нават сумуюць па родным краі…
Ці ведаеце вы, чаму сава святкуе дзень нараджэння ўначы? А за што птушак празвалі “кнігаўкамі”?
Не ведаеце? Тады хутчэй у бібліятэку! Кнігі чакаюць сваіх чытачоў, гатовыя адкрыць усе таямніцы птушынага свету.
Давайце разам берагчы нашу родную прыроду — такую прыгожую, разнастайную і непаўторную!

Літара “Ж”
Восьмы выпуск нашага творчага праекта “Чытаем беларускіх аўтараў: ад “А” да “Я” мы прысвячаем літары “Ж”.
Гэта літара са старажытнай гісторыяй: яна прыйшла да нас з кірыліцы і не мае аналагаў у іншых алфавітах свету, застаючыся чыста славянскай паводле паходжання. Але для нас “Ж” – гэта не проста графічны знак. Гэта сімвал такіх важных паняццяў як жыццё, жніво, жаданне… І менавіта яна дала беларускай літаратуры цэлы шэраг імёнаў, без якіх немагчыма ўявіць нацыянальную паэзію і прозу.
Сёння мы згадваем тых, хто ўпісаў гэтую літару ў гісторыю беларускай культуры сваім талентам і любоўю да роднага слова. Вось некаторыя з іх:
- Уладзімір Жылка – адзін з найталенавіцейшых паэтаў беларускага міжваеннага перыяду. Яго лірыка – узор высокай духоўнасці і філасафічнасці.
- Янка Журба – паэт і перакладчык, які стаяў ля вытокаў беларускай дзіцячай літаратуры. Яго вершы вызначаюцца шчырасцю, любоўю да дзяцей і роднай прыроды.
- Алесь Жук, Хведар Жычка, Ірына Жарнасек, Павел Жукаў, Мікола Жыгоцкі – гэтыя імёны таксама складаюць каштоўны фонд нацыянальнага прыгожага пісьменства.
Вельмі важнае месца сярод выданняў на літару “Ж” займаюць фальклорныя зборнікі – сапраўдныя скарбы народнай мудрасці, якія ахопліваюць розныя грані жыцця – ад працоўных будняў да святочнага настрою, ад жаночага лёсу да глыбіннай філасофіі быцця.
Акадэмічная серыя “Беларуская народная творчасць” падарыла чытачам некалькі знакавых кніг: “Жарты, анекдоты, гумарэскі” (1974) – сапраўдную энцыклапедыю народнага гумару і сатыры; “Жаніцьба Цярэшкі” з этнаграфічным апісаннем абрадавай гульні, тэкстамі песень, іх напевамі і танцавальнымі найгрышамі.
Асобна вылучаецца фундаментальны двухтомнік “Жыцця адвечны лад” вядомага фалькларыста Уладзіміра Васілевіча. У выданні сабраны і сістэматызаваны народны каляндар, прыкметы і павер’і, звязаныя з усімі этапамі жыцця чалавека – ад нараджэння да скону, адкрываючы перад чытачом светапогляд і духоўныя пошукі нашых продкаў.
Дарагія чытачы! Каб дакрануцца да радкоў роднай мовы, запрашаем Вас у аддзел абанемента па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.

Літары “Е”, “Ё”
Мы працягваем наш творчы праект “Чытаем беларускіх аўтараў ад А да Я”. Сёння ў цэнтры нашай увагі — літары “Е” і “Ё”. Прозвішчы беларускіх творцаў на гэтыя літары сустракаюцца рэдка, але кожнае з іх — гэта адметная старонка ў нашай культуры.
Сярод іх — Аляксандр Ельскі, Барыс Ермашкевіч, Фёдар Еўлашоўскі, Янка Ермаловіч і Максім Елянеўскі. Кожны з гэтых аўтараў унёс свой неацэнны ўклад у развіццё беларускага слова і гістарычнай думкі.
Аднак асаблівае месца ў гэтым шэрагу займае постаць святой Еўфрасінні Полацкай. Асветніца ХІІ стагоддзя, яна стала нябеснай заступніцай беларускай зямлі і сімвалам нашай духоўнасці. Яе жыццё — гэта прыклад адданасці свайму народу і высокім ідэалам.
Давайце шанаваць і берагчы імёны тых, хто пакінуў вечны след у гісторыі Беларусі!

Літара “Д”
Мы працягваем даследаваць беларускі алфавіт. І сення пазнаёмімся з літарай “Д”.
Літара “Д” – пятая літара амаль усіх славянскіх кірылічных алфавітаў. У стара- і царкоўнаславянскай азбуках носіць назву “дабро”.
У беларускай літаратуры літара “Д” дорыць нам мноства таленавітых аўтараў, чые імёны пакінулі незабыўны след на старонках нацыянальнай культуры – ад класікаў да сучасных майстроў слова: Сяргей Давідовіч і Леанід Дайнека, Уладзімір Дубоўка і Аляксей Дудараў, Уладзімір Дамашэвіч і Анатоль Дзелендзік, Зінаіда Дудзюк і Таццяна Дамаронак, Алесь Дзятлаў і Леанід Дранько-Майсюк, Вадзім Дзеружынскі і шмат інш. Іх творчасць напоўнена паэтычнасцю слова, любоўю да роднага краю і сваёй зямлі, прывабнасцю традыцый і адлюстраваннем сучаснага жыцця народа. Праз свае творы аўтары адкрываюць нам прыгажосць роднай мовы. Мы захапляемся чысцінёй, мілагучнасцю і яе непаўторнасцю.
Прыемна ўзгадаць і зборнікі: “Дараванне”, “Дабравест”, “Душа твая светлая, “Дзе Нёман гамоніць з пушчай”, “Дзікі голуб”, “Дар зямны”. Гэтыя выданні прапануюць прачытаць усё самае найлепшае, што створана ў наш час у беларускай мастацкай літаратуры.
Запрашаем вас у юнацкі аддзел пазнаёміцца з кнігамі беларускіх аўтараў па адрасе: вул. Ажэшкі, 17

Літара “Г”
Мы працягваем даследаваць беларускі алфавіт. І сення пазнаёмімся з літарай “Г”. Літара “Г” — гэта вароты ў дзіўны свет слоў і сэнсаў, напоўненых глыбінёй і багаццем думкі. Яна гучыць упэўнена і мякка, нібы натхняльны голас, які запрашае да адкрыцця новых гарызонтаў.
У беларускай літаратуры літара “Г” дорыць нам мноства таленавітых аўтараў, чые імёны пакінулі незабыўны след на старонках нацыянальнай культуры – ад класікаў да сучасных майстроў слова: Максім Гарэцкі, Алесь Гарун і інш. Іх творчасць напоўнена яркімі вобразамі, жывымі эмоцыямі і мудрасцю, якія адкрываюць новыя грані чалавечай душы.
Беларускія мастакі – захавальнікі і стваральнікі візуальнай гісторыі краіны: Валянцін Губараў, Віктар Грамыка, Апалінар Гараўскі, Уладзімір Гардзеенка. Таленавітыя кампазітар Яўген Глебаў і скульптар Леў Гумілеўскі. Іх творчасць адыгрывае важную ролю ў культурнай ідэнтычнасці і развіцці нацыянальнага мастацтва.
Прыемна ўзгадаць і зборнікі: “Галоўная кніжніца Прынямоння”, “Гарадзенскія чытанні”, “Гродна – карагод сяброў”, “Гродна: фотаальбом”. Гэтыя выданні дапамагаюць захоўваць інфармацыю і памятныя ілюстрацыі пра родны горад, яго гісторыю і культуру.
А часопіс “Гродна” і газета “Гродзенская праўда” знёмяць нас з навінамі любімага горада.
Запрашаем вас у аддзел мастацтва пазнаёміцца з кнігамі беларускіх аўтараў.
Прыходзьце! Выбірайце! Чытайце!
Наш адрас: вул. Савецкая, 25 (уваход з вул. Калючынскай). Тэл.: 62-03-12.

Літара “В”
Мы працягваем наш творчы праект “Чытаем беларускіх аўтараў ад А да Я”. Гродзенская зямля – калыска для вядомых майстроў літаратурнага слова. Менавіта таму, мы з гонарам прапануем вам гродзенскіх аўтараў, зборнікі іх паэзіі і прозы, а таксама перыядычныя выданні прынёманскага краю на літару «В».
Вядомыя аўтары гродзенскай зямлі: Васько Уладзімір, Войтка Ірына, Вярбіцкі Іван. Іх вершы, апавяданні, легенды, здольныя выклікаць у чытача разнастайныя эмоцыі і пачуцці, дадуць магчымасць спазнаць і асэнсаваць гісторыю свайго краю праз духоўныя каштоўнасці.
Зборнікі паэзіі і прозы: «Вечар пятніцы» – літаратурны зборнік студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта; «Вазьмі сваю свяцільню» – кніга, якая дэманструе мастацкія знаходкі маладых беларускіх празаікаў; «Воранаўшчына ў легендах і паданнях» – зборнік фальклорных твораў Гродзенскай вобласці і «Верасок» – выданне для маленькага чытача. Адметнай рысай гэтых выданняў з’яўляецца шчырасць і пранікнёнасць, своеасаблівая вобразнасць і жыццясцвярджальнасць.
Перыядычныя выданні: «Воранаўская газета» і часопіс «Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы».
Запрашаем вас пазнаёміцца з лепшымі творамі таленавітых аўтараў у аддзеле даведачна-інфармацыйнай і краязнаўчай работы па адрасе: вул. Карбышава, 17.

Літара “Б”
Нягледзячы на бясконцую інфармацыйную прастору інтэрнэту, эксперты ўпэўнены: друкаванае слова не губляе сваёй каштоўнасці. Часопіс — гэта не проста крыніца дакладных звестак, але і люстэрка часу, якое дынамічна змяняецца разам з намі. Сёння ў нашым фокусе — магія літары “Б”.
Мы падрыхтавалі для вас знаёмства з багатым светам перыёдыкі: ад сур’ёзных аналітычных выданняў, такіх як “Беларуская думка”, “Беларускі гістарычны часопіс” і “Белорусский экономический журнал” да культурна-асветніцкіх “Беларусь”, “Беларуская мова і літаратура”.
Асаблівую атмасферу нашай рубрыцы “Кожная пятніца – роднае сваё” нададуць імёны тых, хто стаў гонарам і сумленнем беларускай літаратуры. Сёння мы згадваем майстроў слова: Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля, Янка Брыль, Рыгор Барадулін і іншыя — творцы, чые літаратурныя выданні складаюць наш бясцэнны культурны скарб.
Шануйце сваё і чытайце лепшае!

Літара “А”
І так, пачынаем: Адамовіч Алесь, Акудовіч Валянцін, Александровіч Андрэй, Астрэйка Анатоль, Арочка Мікола, Агняцвет Эдзі, Адамчык Вячаслаў і шмат-шмат іншых творцаў слова, прозвішча якіх пачынаецца на літару “А”, чакаюць вас у аддзелах абласной бібліятэкі.
Мы можам прапанаваць і часопісы “Алеся”, “Адукацыя і выхаванне”, “Архівы і справаводства”, і зборнікі “Абярнуся я шэрай зязюлей”, “Адкуль праўда і крыўда: беларускія народныя легенды і быліны”, і многа-многа цікавага.
Прыходзьце! Выбірайце! Чытайце! А мы пайшлі рыхтаваць пісьменнікаў на літару “Б”.

