Творца і настаўнік: юбілей Віталя Радыёнава

21 чэрвеня адзначае 80-гадовы юбілей  Радыёнаў Віталь Канстанцінавіч – беларускі кампазітар, музычны педагог, пісьменнік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат прэміі імя А.І. Дубко Гродзенскага аблвыканкама «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва» ў намінацыі «Пісьменнік года».

Віталь Радыёнаў аўтар трох опер, дзесяткаў твораў вакальнай і камернай музыкі. Але самае важнае – яго праца як выдатнага педагога, дзякуючы якому вырасла некалькі пакаленняў музыкантаў. Звыш 30 гадоў ён выкладаў сачыненне музыкі ў Гродзенскім і Лідскім музычных вучылішчах, у дзіцячых музычных школах Ліды, Ваўкавыска, Поразава, Лунна, Індуры, Верцялішак.

У творчым багажы Віталя Канстанцінавіча ёсць і публікацыі пра музыку. У 2010 годзе яны былі выдадзены ў кнізе «Музыкальная Гродненщина» – гэта артыкулы, што друкаваліся ў беларускіх перыядычных выданнях з 1984 па 2008 гады.


У кнізе «Портрет учителя» сабраны афарыстычныя выказванні, якія адлюстроўваюць погляд аўтара на мастацтва, мараль, прыроду, свет, веды, працу, сям’ю і каханне. Прынцыпы жыцця і дзейнасці творчай асобы разглядаюцца праз лёсы вядомых музыкантаў, мастакоў, пісьменнікаў і артыстаў. У выданні змешчаны спіс вучняў В. К. Радыёнава, які складаецца з 36 вядомых беларускіх музыкантаў, якія працягваюць яго традыцыі і ідэі.

У юбілейную дату жадаем Віталю Канстанцінавічу моцнага здароўя і невычэрпнага натхнення!

А пазнаёміцца з жыццём і творчасцю музыканта запрашаем у аддзел мастацтва. Наш адрас: вул. Савецкая, 25 (уваход з вул. Калючынскай). Тэл.: 62-03-12.