Юбілей Уладзіміра Церабуна

11 красавіка спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага мастака, скульптара, графіка, члена Беларускага саюза мастакоў, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, ганаровага грамадзяніна Смаргоні Уладзіміра Церабуна. Працуючы ў розных жанрах і тэхніках, Уладзімір Церабун праявіў сябе як мастак, здольны перадаць у сваіх творах цяпло, памяць і гонар за Радзіму.

Яго працы можна сустрэць у розных кутках Беларусі. Сярод найбольш вядомых работ – мемарыяльны комплекс «Дальва», помнік на вайсковых могілках на вуліцы Белуша, кампазіцыі «Заўсёды напагатове» і «Ветразь» каля гатэля «Турыст», памятны знак «Крылатая», скульптурныя кампазіцыі «Мядзвежая акадэмія» ў Смаргоні, «Клёкат буслоў» у Скідзелі, «Дрэва жыцця» ў Бераставіцы і інш.

Уладзімір Васільевіч пакінуў след у мастацкім афармленні інтэр’ераў: у Гродзенскім абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі размешчаны яго тэматычныя рэльефныя кампазіцыі, а ў басейне прадпрыемства «ГроднаАзот» ­– скульптурная работа з мазаікай.

Працы Уладзіміра Церабуна знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь і фондзе саюза мастакоў. Больш за 50 сваіх скульптур ён перадаў у дар музеям Гродна, Смаргоні і вёскі Гудзевічы Мастоўскага раёна.

Пазнаёміцца ​​з творчасцю беларускіх мастакоў запрашаем у аддзел мастацтва. Наш адрас: вул. Савецкая, 25 (уваход з вул. Калючынскай). Тэл.: 62-03-12.