Сіла, пяшчота і талент

Беларуская жанчына – не толькі маці і захавальніца ачага, але і актыўны ўдзельнік усіх сфер жыцця: вытворчасці і навукі, культуры і грамадскай дзейнасці.
У рамках Года беларускай жанчыны прапануем вам азнаёміцца з літаратурай аддзела мастацтва пра самых таленавітых і творчых ураджэнак нашай краіны.
Народную артыстку Стэфанію Станюту ведаюць і любяць не толькі ў нашай рэспубліцы, але і за яе межамі. Яна адна са старэйшых майстроў сцэны Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. За яе плячамі дзесяткі роляў у тэатры і кіно, вялікі сцэнічны вопыт, доўгае, цікава пражытае жыццё. Аб гэтым і шмат іншым расказвае ў невялікіх замалёўках і дыялогах з маці пісьменнік Аляксандр Станюта ў кнізе “Стэфанія”.
Кніга “Марыя Захарэвіч. Талент, адухоўлены любоўю” прысвечана жыццю і творчасці народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч – адной з самых яркіх зорак нацыянальнай сцэны. У кнізе змешчаны ўспаміны землякоў, калег, сяброў артысткі, інтэрв’ю з любімай актрысай, а таксама вершы, прысвечаныя ёй.
Кніга Арыядны Ладыгінай “Ларыса Пампееўна Александроўская: Дакументальна-тэатральны раман” раскажа пра жыццёвы і творчы шлях народнай артысткі БССР і СССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР Ларысы Александроўскай. Яна стала адной з заснавальнікаў Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі і першай яго зоркай. У кнізе выкарыстаны многія дакументальныя крыніцы – лісты, дзённікі, успаміны самой актрысы і яе калег.
У кнізе Зоі Матусевіч-Лысенка “Наталія Гайда. Прымадона: штрыхі да партрэта” раскрываецца жыццёвы і творчы шлях народнай артысткі Беларусі Наталіі Гайды, з імем якой звязана станаўленне і развіццё жанру аперэты і музычнай камедыі ў Беларусі. Спявачку па гэты дзень памятаюць і пазнаюць у розных гарадах былога Савецкага Саюза, яе гастрольныя выступленні – гэта аншлагі і бурныя апладысменты.
Ёсць імёны, якія самі па сабе гісторыя. Адно з такіх імёнаў — Зінаіда Бандарэнка. 3 Зінаідай Бандарэнка звязана нараджэнне нашага нацыянальнага тэлебачання. Дзясяткі гадоў з дня ў дзень мы бачылі на экранах сваіх тэлевізараў гэтую прыгожую жанчыну, навіны “гаварылі” яе голасам. У кнізе “Мой шлях да Беларусі” аўтарка расказвае пра сябе і пра савецкі, ужо міфалагізаваны, час. Расповед вядомай тэлевядучай, Народнай артысткі Беларускай ССР, будзе цікавы не толькі тэлегледачам сталага ўзросту, але і людзям маладым, якія мараць атрымаць прафесію журналіста ці цікавяцца мастацтвам.
Запрашаем пазнаёміцца з літаратурай пра таленавітых беларускіх жанчын у аддзел мастацтва.
Наш адрас: вул. Савецкая, 25 (уваход з вул. Калючынскай). Тэл.: 62-03-12.