З гонарам носім імя тваё, Колас!

3 лістапада спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння Якуба Колас. Слонімская раённая бібліятэка з гонарам носіць імя гэтага выдатнага класіка сусветнай і беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі.

У раённай бібліятэчнай установе дзейнічае музей беларускай кнігі, першы аддзел якога прысвечаны беларускаму песняру, аднаму з заснавальнікаў нацыянальнай літаратуры. Тут сабраны матэрыялы аб жыцці і творчасці, прадстаўлены юбілейныя выданні, шмат унікальных манаграфій і фотаздымкаў. Самым каштоўным экспанатам музея з’яўляецца кніга “Адшчапенец” з асабістым подпісам Якуба Коласа. Гэта бясцэнны дакумент коласаўскай эпохі, які займае пачэснае месца ў “залатой” калекцыі бібліятэкі.

Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа на працягу доўгага часу падтрымлівае цесныя сувязі з нашчадкамі паэта, драматурга, празаіка, крытыка. Сваякі Коласа падаравалі ўстанове шмат фотаздымкаў з асабістых архіваў сям’і.

У бягучым годзе бібліятэка рэалізуе відэапраект “Заўсёды з намі Колас і Купала”. Анлайн-мерапрыемства зацікавіла жыхароў горада і раёна: яны з вялікім задавальненнем актыўна  ўдзельнічаюць у ім.

У лістападзе тут стартаваў літаратурны марафон “Па старонках Коласаўскіх твораў”.

А менавіта сёння Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа запрашае аматараў яго творчасці наведаць шматлікія літаратурныя імпрэзы, успомніць старонкі жыцця і падзяліцца ўражаннямі аб прачытанных творах.