Адзначаем юбілей Я. Коласа разам!

Сёння, 3 лістапада, публічныя бібліятэкі Гродзеншчыны запрашаюць на разнастайныя імпрэзы з нагоды юбілея народнага пісьменніка Беларусі – Якуба Коласа.

Жыхары і госці г. Гродна змогуць пазнаёміцца з выставачнымі праектамі “Янка Купала і Якуб Колас – нацыянальны гонар Беларусі”, “І сёння з намі Колас і Купала: творчасць класікаў вачыма мастакоў” у абласной бібліятэчнай установе і гарадскіх бібліятэках, адчуць асалоду ад коласаўскіх радкоў падчас літаратурных гадзін “Пясняр душы народнай” і “Якуб Колас: роздум” і г.д.

У Бераставіцкім раёне наведвальнікаў бібліятэчных устаноў чакае літаратурны калаж “Жывыя вобразы вершаў і казак Якуба Коласа”, у межах якога адбудуцца: гучныя чытанні “І сёння з намі Колас”, паэтычная віктарына “Найлепшы знаўца твораў Коласа”, арт-хвілінка “Любімыя коласаўскія героі» і г.д.

На паэтычную гадзіну-ўшанаванне “І не знікаць паэту вечна…” запрашае Воранаўская раённая бібліятэка.

Бібліятэкары Гродзенскага раёна падрыхтавалі: вечар-партрэт “Маiх радкоў няма без Беларусi”, гадзіну цікавых паведамленняў “Падарожжа па Коласаўскіх мясцінах” і інш.

Юбілейны дзень на Дзятлаўшчыне пачнецца гучнымі чытаннямі “Любімых Коласаўскіх радкоў”, а працягне яго літаратурная кампазіцыя “Пясняр зямлі Беларускай”, паэтычная хваля “Паклон прымі ад нас, пясняр!”,  гадзіна казак “Пра тое ведаюць людзі: перачытваючы “Казкі жыцця” Я. Коласа”, літаратурны вечар “Нам засталася спадчына”.

Пазнаёміцца з “Беларускай кухняй у творчасці Якуба Коласа” прапануе Іўеўская раённая бібліятэка.

Прыняць удзел у падарожжы “Творчая спадчына Я.Коласа”, літаратурных замалёўках “Паэт зямлі беларускай Якуб Колас” і літаратурна-музычных зазімках “Радкі спазнаныя з маленства” змогуць жыхары Лідчыны ў бібліятэчных установах раёна.

Навагрудчан запрашаюць у літаратурную гасцёўню “Якуб Колас – вялікі пясняр беларускага народа”, паэтычныя вандроўку, вечар, віктарыну і турнір “Палескі шлях Якуба Коласа”, “Летапісец свайго народа”, “Знаўцы творчасці Якуба Коласа”, “Жыццё дзеля Беларусі” і г.д.

Паспрабаваць свае сілы ў беларускім паэтычным батле “Жыве між намі тут паэт” і адправіцца ў літаратурнае падарожжа “Сэрца пакідаю Вам” змогуць жыхары Астравеччыны.

Ашмянская раённая бібліятэка падрыхтавала Дзень інфармацыі “Дзень з Коласам”, у праграме якога: літаратурная вандроўка “Жыццёвыя дарогі Якуба Коласа”, віктарына “Пясняр роднай зямлі”, прагляд дакументальнага фільма “Паэт і чалавек” і інш.

Бібліятэкі Свіслаччыны ладзяць раённую літаратурную акцыю “Чытаем разам творы Якуба Коласа”.

Слонімшчына рыхтуе літаратурныя вечарыны “З родным словам ды з беларускаю душою” і “Колькі вы радасці людзям прынеслі, колас жытнёвы і Колас-паэт”, літаратурную гадзіну “Пясняр беларускай зямлі”.

Бібліятэчныя ўстановы Шчучыншчыны запрашаюць ў літаратурна-музычную гасцёўню “Нясумная класіка, або юбіляры 2022 года”, прэзентацыю кнігі “Табой я жыў, табой жыву…”, паэтычныя чытанні “Чытаем творы Якуба Колоса разам”, літаратурна-музычную кампазіцыю “Купала і Колас, вы нас узгадавалі”.

Публічныя бібліятэкі Прынёманскага краю прапануюць прыгадаць прыгажосць беларускіх краявідаў, любоў да роднай старонкі і яе людзей праз творчую спадчыну Якуба Коласа.

Чакаем вас на нашых імпрэзах!