А вы ведаеце, у каго юбілей у жніўні?

У жніўні свае 105-гадовыя юбілеі адзначаюць народныя пісьменнікі Беларусі – Янка Брыль і Пімен Панчанка. Іх творчая спадчына заняла пачэснае месца ў залатым фондзе беларускай нацыянальнай літаратуры. Да гэтай падзеі супрацоўнікі аддзела абанемента падрыхтавалі падборку лепшых выданняў кніг аўтараў, іх зборнікаў прозы і паэзіі.

Пэўную цікавасць уяўляе збор твораў Янкі Брыля ў 10 тамах, які на сённяшні дзень працягвае выдавацца. У ім упершыню ажыццяўляецца навуковае каментаванне творчасці пісьменніка, публікуюцца творы, якія не друкаваліся, прыводзіцца гісторыя тэксту і іншыя рэаліі. У выданні шырока выкарыстаны аўтографы, машынапісы, фотаздымкі і іншыя рэдкія матэрыялы.

Выбітны народны паэт Пімен Панчанка за амаль паўстагоддзя сваёй творчай дзейнасці стварыў нямала вершаваных твораў. Значэнне яго паэзіі цяжка пераацаніць, а паэтычныя вобразы аўтара даўно жывуць у свядомасці чытачоў. Найбольш поўны збор твораў Панчанкі ў 4-х тамах сабраў яго вершы, паэмы, выбраныя пераклады, успаміны, літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы. 100 лепшых твораў, напісаных у розныя гады жыцця паэта, увайшло ў адзін з апошніх выдадзеных зборнікаў Пімена Панчанкі “Сэрца маё”.

Прыхільнікі творчасці Янкі Брыля і Пімена Панчанкі могуць азнаёміцца з прапанаванай літаратурай у аддзеле абанемента па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.