“Як добра ўмець чытаць!”: сустрэчы напярэдадні Дня чытання кнігі

4 верасня, напярэдадні Дня чытання кнігі, дзіцячы філіял набыў новых маленькіх сяброў ― навучэнцаў 3 класаў сярэдняй школы №27.

Экскурсія па аддзелах бібліятэкі зацікавіла колькасцю прывабных кніг і выявіла чытацкія перавагі школьнікаў. Выстава “Каб да ведаў шлях быў адкрыты” пазнаёміла з энцыклапедычнымі выданнямі і навучальнымі дапаможнікамі. Маленькія госці захапіліся багаццем кніжных фондаў, кожны знайшоў кнігу па інтарэсах. Яскравае ўражанне на дзяцей пакінула наведанне асаблівага месца бібліятэкі ― кнігасховішча.

Інтэрактыўная карта “Збяры сваю Беларусь” пазнаёміла з колерамі Радзімы: усе разам стваралі вобраз краіны ў сімвалах. Маляўнічыя мазаікі “Жывёльны і раслінны свет Беларусі” і “Славутасці Беларусі”, сабраныя камандамі дзяўчынак і хлопчыкаў, замацавалі веды аб прыродных і культурных асаблівасцях Беларусі.

Гутарка  падчас медыяагляду “Беларусь ― тэрыторыя адзінства” выявіла сярод школьнікаў не толькі ўважлівых слухачоў, але і эрудаваных суразмоўцаў, якія цікавяцца гісторыяй роднага краю і любяць падарожнічаць па Беларусі. Узгадалі паданне пра Нарач, папрактыкаваліся ў адгадванні загадак, удакладнілі веды аб славутых беларусах.

Крэатыўная лабараторыя LEGO захапіла разнастайнасцю дэталяў і тэматычных набораў. Узвядзенне будаванняў па ўласных задумах працягнулася сюжэтна-ролявымі гульнямі.

Выказванне “Як добра ўмець чытаць!” стала своеасаблівым дэвізам сустрэчы ― сустрэчы кніг і аматараў чытання.