Дзіцячая бібліятэка – інфармацыйна-адукацыйная прастора для будучых педагогаў

2 верасня навучэнцы 3 курса з Гуманітарнага каледжа пазнаёміліся з інфармацыйнымі і адукацыйнымі магчымасцямі дзіцячага філіяла абласной бібліятэкі. Будучыя педагогі пабывалі ў лабараторыях Мультыцэнтра “Совушка”, якія пашыраюць магчымасці дадатковай адукацыі. Гасцям былі прадстаўлены мадэлі экалагічна чыстых крыніц “Зялёная энергія” і унікальнае абсталяванне сэнсарнага пакоя.

У лабараторыі музыкі навучэнцы спецыяльнасці “Музычная адукацыя” паэксперыментавалі з аўдыёэфектамі з дапамогай праграмы GarageBand. Навучэнцы спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” былі запрошаны на заняткі ў лабараторыю тэхнікі і робататэхнікі, дзе паспрабавалі сканструяваць механічныя мадэлі раслін і жывёл  па ўласным выбары.

Навучэнцы пазнаёміліся з напрамкамі дзейнасці сучаснай дзіцячай бібліятэкі, дзеючымі кніжнымі выставамі, сталі ўдзельнікамі гутаркі аб разнастайнасці выданняў для дзяцей і новых формах папулярызацыі кнігі. Госці зацікавіліся формамі супрацоўніцтва бібліятэкі з дашкольнымі ўстановамі, а таксама праектам па азнаямленні з інклюзіўнай літаратурай.