Фарбы кніжнага лета

У экспазіцыйнай зале абласной бібліятэкі дзейнічае новы выставачны праект “Фарбы кніжнага лета”, прысвечаны самай гарачай пары года, часу адпачынку, дач і вандроўніцтва. Тут сканцэнтравалася каля 200 экзэмпляраў кніг і часопісаў з розных аддзелаў кніжніцы. Сам праект складаецца з чатырох раздзелаў.

Літаратура раздзела “Тэст-драйв па Беларусі” прыадчыняе заслону на самыя папулярныя і вартыя наведвання славутасці, гарады і жывапісныя месцы Беларусі. На старонках асобных выданняў падрабязна апісаны запаведныя тэрыторыі нашай краіны, у тым ліку Белавежская пушча з якаснымі і маштабнымі фотаздымкамі мясцовай флоры і фаўны.

Усім гродзенцам і не толькі раім звярнуць увагу на выданні, змешчанныя ў раздзеле “Гід па Гродзеншчыне: ідэі для вашых падарожжаў”, якія распавядуць гісторыю і цікавыя факты аб Гродна і яго славутых мясцінах, архітэктурных збудаваннях, замках, маёнтку “Каробчыцы”, Аўгустоўскаму каналу і інш. Таксама тут можна знайсці кнігі пра тое, як актыўна адпачыць на Гродзеншчыне, што будзе карысна ўсім, хто не можа вызначыцца, як правесці свае канікулы, водпуск або выхадныя дні.

Наступны раздзел пад назвай “Дачныя ўдачы” будзе цікавы і карысны дачнікам і жыхарам прыватных дамоў, якія маюць свой зямельны ўчастак. Выстаўленая літаратура раскажа пра спосабы акультурвання сваёй тэрыторыі (газона, сада, агарода, кветніка, клумбаў і інш.).

Апошні раздзел “Лета на кніжных старонках” прадстаўляе рознажанравую мастацкую літаратуру з “летнімі” назвамі: Жванецкі М. “Южное лето”, Стадольнік І. “Лістапад на пачатку лета”, Мэтсан М. “Лето второго шанса”, Грышкавец Я. “Лето – Лето и другие времена года”, Дудзін М. “Святогорское лето”, Хэмінгуэй Э. “Опасное лето”, Дудзюк З. “Абрысы лета” і інш. Дадзеныя кнігі раім прачытаць усім жадаючым адшукаць летні настрой і акунуцца ў свет захапляльных гісторый жыцця.

Азнаёміцца з выставачным праектам “Фарбы кніжнага лета” можна па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2.