V Шчорсаўскія чытанні

10-11 чэрвеня адбыліся V Шчорсаўскія чытанні, арганізатарамі якіх выступілі ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, аддзел культуры Навагрудскага райвыканкама, ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага”.

Удзел у мерапрыемстве прымалі прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, рэлігійных канфесій, спецыялісты ДУ “Нацыянальная бібліятэка Беларусі”, ДУ “Прэзідэнтская бібліятэка Рэспублікі Беларусь”, абласной, раённых (гарадскіх цэнтральных) бібліятэк Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай абласцей, супрацоўнікі музеяў, навукоўцы, гісторыкі, краязнаўцы.

Праграма Чытанняў была вельмі насычанай і разнастайнай. Прысутныя пазнаёміліся з творчымі здабыткамі культурна-асветных устаноў Навагрудчыны, дзейнасцю бібліятэчнай супольнасці Гродзенскага рэгіёна, вопытам работы бібліятэчных устаноў Гомельскай вобласці ў сучасных умовах, прыярытэтнымі накірункамі ў рабоце публічных бібліятэк Барысаўскага раёна і сеткавым інтэрнет-праектам па папулярызацыі ўстаноў бібліятэчнага тыпу сярод карыстальнікаў Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці.

Цікавымі і змястоўнымі былі даклады пра кніжныя помнікі Рэспублікі Беларусь, рэдкія выданні пра Гродзеншчыну, кнігі, выдадзеныя ў Навагрудку ў першай палове ХХ ст. і Шчорсаўскую бібліятэку Храптовічаў.

Анімацыйна-забаўляльная праграма “Вандроўка з навагрудскай гараджанкай” знаёміла ўдзельнікаў з жыццём даваеннага Навагрудка і яго гараджан, захаванымі архітэктурнымі аб’ектамі гістарычнага цэнтра горада і запрашала прыняць удзел у інтэрактыўных заданнях.

Таксама адбалася экскурсія па былой сядзібе І. Храптовіча і наведванне Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра.