Вандроўкі па літаратурным сцежкам Гародні

Прагулкі па горадзе ад абласной бібліятэкі ўжо знайшлі сваіх паклоннікаў сярод гарадзенцаў, але 18 красавіка прайшла вельмі незвычайная і новая ва ўсіх сэнсах вандроўка – літаратурная.

Знаёмства з гісторыяй вядомых аўтараў, якія жылі і працавалі ў Гродне, пачалося з дома-музея Элізы Ажэшка – пісьменніцы, што стала сімвалам нашага горада. Госці з цікавасцю слухалі пра яе жыццё, творчасць і дабрачынную дзейнасць, аглядзелі мемарыяльныя пакоі і экспазіцыю. А перед тым, як адправіцца гуляць далей, пачаставаліся “Гарадзенскай гарбатай”, якая часткова стваралася на аснове ведаў пані Элізы пра розныя мясцовыя зёлкі.

Зоф’я Налкоўская, Максім Багдановіч, Аляксей Карпюк, Васіль Быкаў… Амаль кожная вуліца ў старой частцы горада можа расказаць мноства гісторый пра беларускіх пісьменнікаў, а яшчэ больш пра гэта ведаюць самі супрацоўнікі краязнаўчага аддзела абласной бібліятэкі. Дзякуючы ім госці з задавальненнем праводзілі час, зацікаўленна слухалі экскурсію і задавалі пытанні пра жыццё літаратараў.

Шмат неверагодных адкрыццяў чакае кожнага, хто трапіць на “літаратурную” прагулку па Гродне разам з абласной бібліятэкай. А паколькі цёплае надвор’е ўжо прыйшло да нас у горад, вандраваць будзе яшчэ больш прыемна.

Запісацца на наступную прагулку “Літаратурнымі сцежкамі Гародні” і даведацца пра кошт можна па тэлефонах: 71-89-54 або +375(29)582-73-93.