3 сакавіка – Сусветны дзень пісьменніка

У абанементным аддзеле да Сусветнага дня пісьменніка арганізавана выстава “Сусветная літаратура ў перакладзе беларускіх аўтараў”, якая прадстаўляе перакладчыцкія працы нашых землякаў.

У розных кутках свету праводзяцца фестывалі і шэраг мерапрыемстваў, куды з’язджаюцца паэты, празаікі, літаратуразнаўцы, публіцысты, перакладчыкі і літаратурныя крытыкі з самых розных краін і дзеляцца сваім творчым вопытам.

Пераклады на беларускую мову як сусветна вядомых класічных твораў з нацыянальных літаратур, так і сучаснай паэзіі і прозы зрабілі: Навум Гальпяровіч, Віктар Шніп, Марыя Кобец, Міхась Пазнякоў, Алесь Бадак, Казімір Камейша, Аляксандр Карлюкевіч, Міхась Стральцоў, Алена Васілевіч, Павел Касцюкевіч, Ганна Якута, Ірына Герасімовіч, Уладзімір Скарынкін, Алена Пятровіч, Алена Казлова, Анатоль Бутэвіч і інш. Цікавымі для многіх будуць перакладчыцкія выданні апошніх гадоў: Дж.К.Роўлінг “Гары Потэр і Таемная зала”; К.Вонэгут “Бойня № 5”; А.Сапкоўскі “Вядзьмар”; А.К.Дойл “Знак чатырох”, “Прыгоды Шэрлака Холмса”; Дж.К.Джэром “Трое ў чоўне і пёс з імі”; Э.Ажэшка “Над Нёманам”; С.Джэксан “Срэбная дарога” і інш.

Вялікую беларускую прастору пераўвасаблення кітайскай паэзіі на беларускую мову склала серыя «Светлыя знакі: паэты Кітая»: зборнікі Лі Бо “Флейты сумныя гукі”, Лі Цінчжаа “Мост цераз Млечны Шлях”, Ван Вэя “Альтанка ля возера”, Лі Хэ “Песня бамбукавай флейты”, Лю Юйсі “Восеньскі вецер”, Су Шы “Подых усходняга схілу”, дзве аўтарскія анталогіі ў перакладах Міколы Мятліцкага“Пад крыламі Дракона: Сто паэтаў Кітая” і “Пялёсткі лотаса і хрызантэмы: Сто паэтаў Кітая XX ст.” і 2 кнігі паэзіі Ай Ціна – “Водар стоенага лесу” (2015) і “Гімн святлу” (2019), якому належыць дыплом І ступені конкурса СНД «Мастацтва кнігі».

Таксама хочацца звярнуць увагу на кнігу польскага пісьменніка Аляксандра Наўроцкага “Цень яго святла” (2018) у перакладзе гродзенскай паэтэсы, празаіка, публіцыста, ганаровага члена СПБ, Старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” – Людмілы Кебіч. У кнігу ўвайшлі аповесць і 3 апавяданні, што адрозніваюцца глыбокім веданнем чалавека, выбарам героямі складаных жыццёвых шляхоў, фабулай, напоўненай незвычайнымі і нечаканымі падзеямі. Выданне, якое захоўваецца ў абанементным аддзеле, адметна тым, што яно ўтрымлівае ў сабе аўтограф аўтара.

Усе паклоннікі сусветнай літаратуры і беларускай мовы маюць цудоўную магчымасць узяць пачытаць кнігі, аб’яднаўшыя гэтыя дзве з’явы, з экспазіцыі “Сусветная літаратура ў перакладзе беларускіх аўтараў” у абанементным аддзеле па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.