Новыя чытачы бібліятэкі

На гэтым тыдні ў ДУК “Сярэдняя школа №36 г.Гродна з польскай мовай навучання” адбылася акцыя пасвячэння ў чытачы.
Першакласнікі сталі чытачамі адразу двух бібліятэк: школьнай і Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага. Супрацоўнікі аддзела выданняў на замежных мовах прынялі ўдзел ва ўрачыстасці і ўручылі кожнаму вучню імянны чытацкі білет – пропуск у галоўную кніжніцу Прынямоння. З гэтага моманту дзеці маюць права карыстацца ўсімі аддзеламі бібліятэкі і чытаць творы на беларускай, рускай, польскай і іншых мовах. Акрамя таго, маленькія чытачы даведаліся шмат цікавага аб сваёй знакамітай зямлячцы Элізе Ажэшка і зрабілі некалькі фотаздымкаў на памяць.