Да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Мележа

З нагоды 100-гадовага юбілею класіка беларускай літаратуры, празаіка, драматурга, публіцыста, лаўрэата літаратурных прэмій Івана Паўлавіча Мележа у абанементным аддзеле арганізавана выстава “Майстэрства празаіка буйнамаштабнай прозы”. Сярод мноства выданняў прадстаўлен цыкл раманаў “Палеская хроніка”: “Людзі на балоце” (1962), “Подых навальніцы” (1966) і “Завеі, снежань” (1976), што выдаваліся ў розныя гады на рускай і беларускай мовах і сталі народнай эпапеяй, у якой выяўляецца ідэйна-мастацкая маштабнасць асэнсавання складаных абставін калектывізацыі на Палессі ў 1920-30-х гг.

Таксама на выставе можна знайсці “Першую кнігу” Івана Паўлавіча, якая ўяўляе сабой збор яго шпітальных і франтавых дзённікаў, запісных кніжак; кнігу “Белыя вішні і яблыні”, куды ўвайшлі апавяданні і аповесці пісьменніка, напісаныя за многія гады творчай дзейнасці; “Выбраныя творы” празаіка серыі “Беларускі кнігазбор”; 10-томны збор твораў І. Мележа і інш.

Акрамя гэтага, на экспазіцыі змешчаны выданні беларускіх літаратараў з успамінамі знаёмых Івана Мележа аб ім самім, з нарысам жыццёвага і творчага шляху пісьменніка, аналізам яго значных твораў, раскрыццём своеасаблівасцей яго таленту і вытокаў творчасці (“Успаміны пра Івана Мележа”, Ляшук В. Я. “Іван Мележ у школе”, Смыкоўская В. І. “Творчая канцэпцыя пісьменніка”, Гніламёдаў У. В. “Іван Мележ: нарыс жыцця і творчасці”, Куляшоў Ф. І. “Подвиг художника: литературный путь И.Мележа” і інш.).

Наведаць выставу і пазнаёміцца з творамі Івана Мележа, якія сталі часткай залатога фонда беларускай літаратуры, і літаратуразнаўчымі выданнямі, прысвечанымі постаці аўтара, можна ў абанементным аддзеле па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.