Для паважанай Лідзіі Васільеўны

Калектыў ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” шчыра і ад усяго сэрца выказвае словы падзякі Лідзіі Васільеўне Мальцавай за гады плённай і якаснай працы, вялікія заслугі і сапраўдную адданасць бібліятэчнай справе.

Пад яе кіраўніцтвам на працягу больш за 20 гадоў Гродзенская абласная бібліятэка зарэкамендавала сябе як сучасная, наватарская, інфармацыйная ўстанова не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі.

Па ініцыятыве Лідзіі Васільеўны распрацавана мноства творчых праектаў, праграм, акцый (“Дакрануцца да гісторыі”, “Курсам лідара”, “Кнігі, якія аб’ядноўваюць краіны”, “Вялікай Перамозе – 75”, “Чытаем разам” і інш.), штогод на высокім узроўні праводзіцца звыш 700 мерапрыемстваў, сярод якіх міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі, Гарадзенскія навуковыя чытанні, фестываль кнігі, тэматычныя вечары-канцэрты, дабрачынныя святы для дзяцей-сірот і г.д.

Пад кіраўніцтвам Лідзіі Васільеўны створаны першы ў Рэспубліцы Беларусь інтэрактыўны цэнтр навукі і тэхналогій Мультыцэнтр “Совушка” у межах праграмы транспамежнага супрацоўніцтва “Польшча-Беларусь-Украіна”; абласная бібліятэка заняла важнае месца ў сістэме міжкультурнага дыялогу і наладзіла цеснае супрацоўніцтва з дыпламатычнымі службамі замежных краін: ЗША, Польшча, Україна, Францыя, Швецыя, а таксама арганізавала шэраг мерапрыемстваў сумесна з пасольствамі і Інстытутам імя Гётэ ў Мінску.

Вялікая заслуга Лідзіі Васільеўны, як кіраўніка, ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы. Праведзены рамонты ў чатырох будынках бібліятэкі, створаны камфортныя ўмовы для чытачоў і супрацоўнікаў. Да паслуг карыстальнікаў – сучасныя тэхналогіі і адукацыйныя праграмы.

Сёння абласная бібліятэка – сапраўдная скарбніца нацыянальнай беларускай спадчыны, якая нясе асвету і культуру народу, дорыць святло кнігі кожнаму свайму чытачу і павышае яго духоўны і інтэлектуальны ўзровень. Усё гэта стала магчыма дзякуючы Лідзіі Васільеўне Мальцавай, выдатнаму кіраўніку, таленавітаму і паважанаму дырэктару, якая прафесіяналізмам і любоўю да сваёй работы ўнесла вялізны ўклад у бібліятэчную справу Гродзеншчыны.

Шаноўная Лідзія Васільеўна! Калектыў Вашай бібліятэкі выказвае Вам вялікую ўдзячнасць за Вашую мудрасць, прынятыя рашэнні, натхняльныя ідэі і настаўленні, якія мы заўсёды будзем памятаць. Жадаем Вам моцнага здароўя, невычарпальнай энергіі, аптымізму і радасці!

Мы гаворым Вам – “Да новых сустрэч!!!”.

                                                                        З павагай, Ваш калектыў