17 ліпеня 2020 г. – 75 гадоў з пачатку Патсдамскай канферэнцыі

2020 год багаты на знакавыя падзеі, звязаныя з Вялікай Перамогай і Другой Сусветнай вайной. Менавіта такой датай з’яўляецца і 17 ліпеня, калі адзначаецца 75 гадоў з пачатку канферэнцыі “вялікай тройкі”. У абанементным аддзеле Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага да гэтай падзеі арганізавана тэматычная выстава “17 ліпеня 2020 г. – 75 гадоў з пачатку Патсдамскай канферэнцыі”, дзе прадстаўлены выданні, якія адлюстроўваюць ход Другой Сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў і, у прыватнасці, правядзенне Патсдамскай канферэнцыі ў палацы Цэцыліенхоф бліз Бярліна з 17 ліпеня па 2 жніўня 1945 г.

Са зборніка Советский Союз на международных конференциях периода Великой Отечественной войны, 1941 – 1945 гг. Т.6”, у які ўвайшлі дакументы і матэрыялы з савецкіх архіваў, можна знайсці адказы на мноства пытанняў. Хто быў удзельнікам канферэнцыі? Якімі былі галоўная тэма абмеркавання і вынікі? Дзе і калі публікаваліся дакументы Бярлінскай канферэнцыі? Чым скончылася сусветна-гістарычная барацьба народаў Савецкага Саюза і яго саюзнікаў – стран антыгітлераўскай кааліцыі – супраць фашысцкай Германіі і яе сатэлітаў? Якую ролю адыграў Савецкі Саюз ва ўстанаўленні справядлівага і ўстойлівага пасляваеннага міру?

У ілюстраванай энцыклапедыі Мернікава А.Г. “Вторая мировая война” змешчаны рарытэтныя дакументы і вытрымкі з прэсы таго часу; больш за 1000 унікальных архіўных фотаздымкаў ваеннага перыяду, у тым ліку рэканструяваных; біяграфічныя даведкі праслаўленых і малавядомых палітычных і ваенных дзеячаў супрацьстаячых кааліцый; храналагічна упарадкаваныя ёмкія артыкулы з вычарпальнымі і аб’ектыўна пададзенымі звесткамі аб палітычнай і эканамічнай абстаноўцы ў Еўропе і свеце ў перадваенныя і ваенныя гады; інфармацыя аб мадэрнізацыі ўзбраення і г.д.

Усіх зацікаўленых сусветнай ваеннай гісторыяй запрашаем азнаёміцца з матэрыяламі ў абанементным аддзеле па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.