Дапытлівым дашкалятам пра таямніцы навакольнага свету

16 студзеня дзіцячы філіял запрасіў выхаванцаў старэйшай групы дзіцячага сада №3 на гульню-падарожжа «Таямніцы навакольнага свету». Маленькія чытачы наведалі бібліятэку і пазнаёміліся са скарбніцай цікавых кніг і часопісаў, даведаліся пра асаблівасці працы бібліятэкараў і правілы паводзін чытачоў.

Старонкі мудрых кніг растлумачылі дзіўныя з’явы, з якімі дашкольнікі сустракаюцца на кожным кроку. Кніжкі-панарамкі, кніжкі-раскладанкі, 3D-энцыклапедыі, кніжкі-пазлы, кніжкі-цацкі, кніжкі з сакрэтамі і кніжкі з аб’ёмнымі ілюстрацыямі адказалі на самыя нечаканыя пытанні дакладна і ясна.

Дзякуючы новым тэхналогіям аб’ёмных відарысаў дашкаляты пабывалі ў займальным свеце кніжных адкрыццяў: апынуліся ў нязведаных глыбінях космасу, прагуляліся па нашай дзівоснай планеце, сустрэліся з дзіўнымі жывёламі, даведаліся шмат новага пра сябе і сваё цела.