Адкрыццё галоўнага корпуса бібліятэкі ў будынку на Карбышава, 17

14 студзеня 2020 года Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Яўхіма Фёдаравіча Карскага гасцінна адчыніла дзверы галоўнага корпуса ў гістарычным будынку па вул. Карбышава, 17.

Гэты падарунак чытачам і калектыву ўстановы зроблены Гродзенскім абласным выканаўчым камітэтам напярэдадні 190-гадовага юбілею галоўнай бібліятэкі вобласці, які будзе святкавацца ў верасні бягучага года.

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Францавіч Пранюк, начальнік упраўлення культуры Алена Віктараўна Клімовіч.

Для ганаровых гасцей і шматлікіх удзельнікаў святочнага мерапрыемства была праведзена экскурсія па новым будынку ўстановы. Гродзенцы і госці горада пазнаёміліся з выставачнай залай, дзе дэманструюцца лепшыя выданні з фонду бібліятэкі: “Кнігі, якія вызначаюць Беларусь”, “Кнігі, з якімі вучацца, працуюць, дасягаюць поспеху”, “Вялікай Перамозе – 75”, “Гродзеншчына ў памятных датах” і інш.; калекцыямі рэдкіх выданняў і беларускай кнігі; кабінетамі электронных інфармацыйных рэсурсаў і робататэхнікі; дзіцячым пакоем.

У новым будынку калектыў бібліятэкі пачынае і новыя традыцыі, адна з якіх – узнагароджанне найбольш актыўных карыстальнікаў. 10 гарадзенцаў па выніках 2019 года прызнаны “Лепшымі чытачамі Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Карскага”.