“Творы і творцы”: сустрэча з паэтам Мікалаем Іваноўскім

28 верасня 2019 года адбылася адзіннаццатая сустрэча ў рамках грамадска-літаратурнай акцыі “Творы і творцы” – сумеснага праекта Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага і Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Госцем мерапрыемства стаў самабытны паэт з Ваўкавыскага раёна Мікалай Іваноўскі.

Мікалай Пятровіч старэйшы сярод дзяцей працавітай мнагадзетнай сям’і роду Іваноўскіх. Трыццаць пяць гадоў працы аддаў гродзенскаму прадпрыемству “Азот”. Пасля выхаду на пенсію, пераехаў у родную хату на бацькаўшчыну. На працягу сустрэчы паэт цікава і шчыра расказваў пра сваю працавітую сям’ю, адкуль і браліся вытокі яго таленту, бо ў родзе Іваноўскіх два таленавітых самародка – мастак і паэт.

Вершы Мікалая Пятровіча закранулі патаемныя струны душы кожнага з прысутных, дапамаглі на імгненне перанесціся ў дзяцінства, у родныя мясціны. Аўтар паэтычна адлюстраваў жыццё свайго роду, традыцыі вясковага жыцця, прыгажосць Гарадзенскага краю. Пісьменнік дапамог здзейсніць падарожжа па старонках сваёй новай кнігі “Загадкі на ўсе выпадкі”, дзе матэрыялы размешчаны згодна беларускаму алфавіту. Кніга вельмі прыгожая, багата ілюстраваная, з нацыянальным беларускім каларытам. Тэматыка загадак самая розная: пра жывёл, птушак, пра расліны і многае іншае. Гэты зборнік выклікаў зацікаўленасць не толькі ў маленькіх, але і ў дарослых чытачоў.

Сустрэча прайшла вельмі цёпла. Чытачы галоўнай бібліятэкі вобласці ўважліва слухалі лірычныя, філасоўскія вершы паэта, узрушылі ў памяці тое, што для кожнага з’яўляецца вялікім скарбам душы, дзяліліся сваімі ўражаннямі аб творчасці Мікалая Іваноўскага, атрымалі на памяць ад аўтара лісты з вершамі.