“Матэрыяльная культура Гродзеншчыны мінулых стагоддзяў”

  Пад такой назвай у аддзеле мастацтва працуе чарговая выстава з цыкла “Дакрануццца да гісторыі”. На гэты раз арганізатары адышлі ад традыцыі дэманстраваць друкаваныя антыкварныя экспанаты. Цяпер перавага аддадзена прадметам матэрыяльнай культуры. На выставе дэманструюцца розныя рэчы, прадметы побыту, прылады працы мінулых гадоў, якія выраблялі і якімі карысталіся нашы продкі. Выстава носіць пераважна этнаграфічны характар. На ёй прадстаўлены прадметы матэрыяльнай культуры простага люду, які ў сваёй большасці насяляў Панямонне.

  Экспазіцыя ладзіцца з прыватных калекцый Януша Паруліса і Аляксандра Сявенкі, а выяўленыя экспанаты прэзентуюцца ў агульнапрынятай сістэме – гэта кераміка, кавальства, дрэваапрацоўка, пляценне з прыродных матэрыялаў, ткацтва і вышыўка, іншыя прадметы побыту.

  Прадстаўнічым атрымаўся раздзел выставы, прысвечаны кераміцы Панямоння. Сярод разнастайных ганчарных вырабаў у беларускім народным побыце пераважаў традыцыйны гаспадарчы посуд: гаршкі, гладышы, збанкі, бабачнікі, міскі, талеркі, глякі і інш. Амаль усе названыя рэчы маюцца на выставе.

  Тут ёсць невялікі глазураваны збанок з ляпнымі ручкамі, выраблены архаічным кальцавым налепам з наступнай даводкай яго на ганчарным крузе. Уражвае характэрнае аблічча чорназадымленай керамікі – вельмі старажытнай, таксама амаль архаічнай. Яе разнавіднасцю з’яўляецца чорнаглянцавая кераміка, узоры якой таксама прадстаўлены на выставе. Вялікая колькасць рэчавага матэрыялу мінулых стагоддзяў сведчыць пра развіццё асобага віду керамікі – кафлярства. Цікавыя ўзоры той кафлі, знойдзеныя нашымі калекцыянерамі падчас розных земляных работ і старанна захаваныя імі, прадстаўлены на выставе.

  Значнае месца ў экспазіцыі займае кавальства. Асартымент каваных вырабаў уражвае сваім багаццем і разнастайнасцю. Здаўна ў гарадах і вёсках Панямоння кавалі шматлікія гаспадарчыя прылады працы, бытавыя прадметы, зброю, рыштунак конніка і каня (страмёны, шпоры, цуглі, падковы). Кавалём вырабляліся кавальскія інструменты, земляробчыя прылады працы, інструменты для апрацоўкі дрэва, прадметы бытавога і гаспадарчага прызначэння.

  Апрацоўка дрэва прадстаўлена рознымі прыладамі працы, посудам, прадметамі хатняга ўжытку. Большасць традыцыйных драўляных вырабаў, характэрных для народнага побыту беларусаў, уражвае сваёй грунтоўнасцю, масіўнасцю, першабытнай суровасцю. Вырабляліся яны пераважна ў даўбана-разьбяной тэхніцы. Значнае месца на выставе займаюць прадметы, звязаныя з жаночай працай, перш за ўсё – з прадзеннем і ткацтвам. Гэта прасніцы і калаўроты, канструктыўна вырашаныя народнымі майстрамі вельмі дасканала. Аб’ёмная скульптурная разьба прадстаўлена выдатным экзэмплярам разной каплічкі неагатычнага выгляду, якая ахоўвае Распяцце (Укрыжаванне).

  Тыпова народным з’яўляецца мастацтва вырабу розных рэчаў з такіх даступных і танных матэрыялаў, як салома, лаза, лыка, чарот. Дадаткова нярэдка ўжываліся карані хвойных дрэў, вельмі гнуткія і трывалыя. З саломы плялі розныя гаспадарчыя вырабы: ад маленькіх скрыначак да вялікіх кублоў, куды ссыпалі зерне і муку. Посуд сярэдняга памеру дэманструецца на выставе. Развіта на Гродзеншчыне і лозапляценне. Яно было цалкам накіравана на задавальненне бытавых патрэб. На выставе прадстаўлены цудоўная калыска, этажэрка і многае іншае.

  Цікавым атрымаўся раздзел экспазіцыі, прысвечаны народнаму ткацтву. Асноўныя віды народных тканін, якія распаўсюджаны на Гродзеншчыне – гэта ручнікі, абрусы, посцілкі і дываны. Важнае значэнне ў народнай абраднасці жыхароў Панямоння меў тканы, ці вышываны ручнік. На выставе прысутнічаюць розныя тыпы тканых ручнікоў, упрыгожаных арнаментам і вышыўкай.

  У мінулым шырока былі распаўсюджаны вельмі разнастайныя па кампазіцыі і ўзорах посцілкі, выкананыя ў тэхніцы двухбаковага перабору па чорнай ці белай аснове. Менавіта прыклад такіх посцілак, тканых “на 40 і больш жыўцоў” маецца на выставе. Паходзяць посцілкі з в. Замасцяны Шчучынскага раёна.

  Вяршыняй майстэрства ткачых і вышывальшчыц з’яўляецца народнае адзенне. На выставе дэманструецца жаночая сукенка, пашытая з льнянога палатна натуральнага колеру і ўпрыгожаная арнаментам.

  Традыцыйная беларуская вышыўка прадстаўлена на ручніках і абрусах. Ёсць на выставе вышываныя карціны, большасць якіх выканана ў пасляваенны час гладдзю і крыжыкам.

  Іншыя прадметы побыту, прылады працы і начынне, якія экспануюцца на выставе – вага, бязмен, прасы, латунны чайнік, самавар, маслабойка і многае-многае другое – каля трохсот прадметаў. На выставе многа фотаздымкаў з калекцыі Аляксандра Сявенкі, якія расказваюць пра жыццё і быт жыхароў Панямоння ў мінулым.