Юбіляры мая

1 – 100 гадоў з дня нараджэння Пелясы Уладзіміра (1918, Ліда – 2004), беларускага культурна-грамадскага дзеяча замежжа. Адзін з арганізатараў будаўніцтва царквы Святога Кірылы Тураўскага ў Рычманд-Гіле (ЗША).


2 – 100 гадоў з дня нараджэння Сівачова Аляксандра Мікалаевіча (1918 – 1941, в.Галавенчыцы Гродзенскага раёна), удзельніка абарончых баёў у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, начальніка 1-й пагранічнай заставы 86-га Аўгустоўскага атрада ў Гродзенскім раёне, кавалера ордэна Айчыннай вайны першай ступені.

4 – 80 гадоў з дня нараджэння Дзяменцьевай Людмілы Сяргееўны (1938 – 1994), беларускай актрысы, заслужанай артысткі Беларусі. У 1968-1994 гг. працавала ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры.

4 – 80 гадоў з дня  нараджэння Емяльянавай Святланы Аляксееўны (нар. у 1938 г.), беларускага мовазнаўцы, славіста. З 1978 г. працуе ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я.Купалы.

4 – 75 гадоў з дня нараджэння Багустава Аляксея Паўлавіча (нар. у 1943 г.), беларускага мастака, педагога, прафесара. З 1978 г. працаваў у Мастоўскай дзіцячай школе мастацтваў. З 1998 г. выкладае ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я.Купалы.

4 – 70 гадоў з дня нараджэння Чуйко Наталлі Сцяпанаўны (нар. у 1948 г., Гродна), беларускага архітэктара. 3 1972 г. працуе ў “Інстытуце Гроднаграмадзянпраект”.

4 – 60 гадоў з дня нараджэння Сянько Васіля Васільевіча (нар. у 1958 г., в.Боркі Мастоўскага раёна), беларускага матэматыка, педагога. З 1980 г. працуе ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я.Купалы.

10 – 80 гадоў з дня нараджэння Вількіцкага Генадзя Станіслававіча (нар. у 1938 г., Слонім), беларускага спартыўнага педагога, заслужанага трэнера Беларусі.

11 – 230 гадоў з дня нараджэння Ачапоўскага Міхаіла Мікалаевіча (1788, Навагрудчына – 1854), асветніка, вучонага-агранома, глебазнаўца.

11 – 70 гадоў з дня нараджэння Лакобы Генадзя Зосімавіча (нар. у 1948 г.), абхазскага і беларускага мастака, скульптара, заслужанага мастака Абхазіі, ганаровага члена Расійскай акадэміі мастацтваў. З 1992 г. жыве ў Гродне.

12 – 100 гадоў з дня нараджэння Кляцкова Леаніда Герасімавіча (1918 – 1997), савецкага дзяржаўнага дзеяча, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Героя Сацыялістычнай Працы (1976), кавалера 2-х ордэнаў Леніна. У 1972-1989 гг. – першы сакратар Гродзенскага абкама КПБ.

14 – 60 гадоў з дня нараджэння Бардзіна Аляксандра Рэвакатавіча (нар. у 1958 г.), беларускага вучонага ў галіне фізіялогіі і спартыўнай медыцыны, педагога. З 1992 г. працуе ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я.Купалы.

15 – 110 гадоў з дня нараджэння Кірычэнкі Феадосія Пятровіча (1908 – 1941, каля в.Доргунь Гродзенскага раёна) ), удзельніка абарончых баёў у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, начальніка 4-й пагранічнай заставы 86-га Аўгустоўскага атрада ў Гродзенскім раёне.

 

15 – 70 гадоў з дня нараджэння Гільдзюка Юрыя Мікалаевіча (нар. у 1948 г., Гродна), беларускага піяніста, педагога, заслужанага артыста Беларусі.

17 – 100 гадоў з дня нараджэння Лаўрынайціс Елізаветы Іосіфаўны (1918 – 1994), мовазнаўца, педагога. У 1957-1968 гг. і з 1970 г. працавала ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я.Купалы.

21 – 330 гадоў з дня  нараджэння Радзівіла Мікалая Фаўстына (Мікалай Альбрыхт Ігнацы Пётр; 1688, Дзятлава – 1746), дзяржаўнага і ваеннага дзеяча ВКЛ, генерал-лейтэнанта. Ваявода навагрудскі з 1729 г. Валодаў мястэчкам Дзятлава ў Слонімскім павеце.

21 – 120 гадоў з дня нараджэння Кіслага Кастуся (Канстанцін; 1898, Слонімшчына – 1980), рэлігійнага і грамадска-культурнага дзеяча беларускага замежжа, музыказнаўца, кампазітара, музыканта, дырыжора царкоўных і свецкіх хароў.

21 – 80 гадоў з дня нараджэння Адзерыхі Казіміра Серафімавіча (1938 – 1991), беларускага фізіка, доктара фізіка-матэматычных навук. У 1965-1966 гг. працаваў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я.Купалы.

22 – 80 гадоў з дня нараджэння Жабінскай Марыі Пятроўны (нар. у 1938 г., в.Карані Смаргонскага раёна), беларускай мастачкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, мастацтвазнаўцы.

22 – 70 гадоў з дня нараджэння Бушчыка Мікалая Уладзіміравіча (нар. у 1948 г., в.Дзераўная Слонімскага раёна), беларускага жывапісца, педагога.

23 – 230 гадоў з дня нараджэння Хлапоўскага Дэзыдэры Адама (1788 – 1879), ваеннага дзеяча, генерала, камандзіра польскага корпуса, які прымаў удзел у паўстанні 1830-1831 гг. на Беларусі і ў Літве. У 1831 г. атрад пад кіраўніцтвам Хлапоўскага дзейнічаў  на Гродзеншчыне.

23 – 130 гадоў з дня нараджэння Румеля Кароля (1888, Гродна – 1967), беларускага і польскага спартсмена (конны спорт), трэнера, першага з ураджэнцаў Беларусі ўдзельніка Алімпійскіх гульняў (Стакгольм; 1912), бронзавага прызёра IX Алімпійскіх гульняў (Амстэрдам; 1928), трохкратнага пераможца турніраў Кубка нацый.

23 – 90 гадоў з дня нараджэння Сімарота Мікалая Іванавіча (нар. у 1928 г.), вучонага ў галіне хірургіі, доктара медыцынскіх навук, прафесара. У 1961-1980 гг. працаваў у Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце.

24 – 80 гадоў з дня нараджэння Фрыдберга Пінхаса Шаевіча (нар. у 1938 г.), вучонага ў галіне фізікі, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара. У 1978-1989 гг. працаваў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я.Купалы.

26 – 120 гадоў з дня нараджэння Карповіча Фелікса (1898, в.Вайдацішкі Астравецкага раёна – 1964), польскага артыста тэатра. У канцы 1920-х і ў 1930-я гг. служыў у інтэндантуры ў Гродне і выступаў у гарнізонным тэатры.

26 – 60 гадоў з дня нараджэння Шэймана Віктара Уладзіміравіча (нар. у 1958 г., в.Салтанішкі Воранаўскага раёна), дзяржаўнага дзеяча Беларусі, кавалера ордэнаў Айчыны II і III ступені, ордэна Чырвонага Сцяга, ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэна Чырвонай Зоркі і інш.