“Творы і творцы”: сустрэча са Святланай Тарасавай

Нядзеля, 31 сакавіка 2019 года, стала датай юбілейнай, дзясятай па ліку сустрэчы ў рамках грамадска-літаратурнай акцыі “Творы і творцы” – сумеснага праекта Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Карскага і Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

На спатканне з прыхільнікамі мастацкага слова прыйшла старшы выкладчык кафедры беларускай філалогіі УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”, літаратуразнаўца, літаратурны крытык, паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Святлана Мікалаеўна Тарасава. Яна актыўна працуе з творчымі студэнтамі і школьнікамі. У 2013 годзе праца С.М. Тарасавай была адзначана Прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за асобы ўклад у развіццё здольнасцей адораных вучняў і студэнтаў.

У ходзе мерапрыемства гучалі аўтарскія вершы Святланы Мікалаеўны, яна раскрыла іх сутнасць і патлумачыла асноўныя асаблівасці. Так як С.Тарасава з’яўляецца кваліфікаваным спецыялістам у галіне тэорыі і гісторыі літаратуры, яна на прыкладах са сваёй творчасці ахарактарызавала такія паэтычныя жанры, як трыялет, санет, танка, хоку і інш.

У фінале выступлення творца адказала на пытанні аўдыторыі наконт сучаснай літаратурнай крытыкі, узбагаціла кругагляд і інфармаванасць аматараў літаратуры імёнамі многіх сучасных беларускіх паэтаў, празаікаў і крытыкаў. І зроблена гэта было ў даходлівай манеры, на простай і зразумелай беларускай мове.

Наведвальнікі абанементнага аддзела атрымалі станоўчыя эмоцыі, уражанні, падставы для роздуму, а таксама пазнаёміліся з выставай, прысвечанай галоўнаму госцю мерапрыемства, дзе былі прадстаўлены кнігі, часопісы, газеты і публікацыі Святланы Тарасавай.