Акцыя “Чытаем разам” творы Ф.Скарыны
13 красавіка ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф.Карскага прайшло чарговае мерапрыемства ў межах абласной акцыі “Чытаем разам”.
У 2017 годзе спаўняецца 500 гадоў з дня выхаду ў свет першай беларускай кнігі, якую выдаў наш суайчыннік Францыск Скарына, і менавіта яму прысвячаліся чытанні.
Урыўкі з твораў Ф.Скарыны ці прысвечаных яму прачыталі Ігар Мікалаевіч Гедзіч, дырэктар ДУК “Гродзенскі абласны драматычны тэатр”, Лідзія Васільеўна Мальцава, дырэктар ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага”, кадэты і вучні школ і гімназій г.Гродна, чытачы абласной бібліятэкі.
У зале пасяджэнняў галоўнай бібліятэкі вобласці гучалі прадмовы да Біблій знакамітага першадрукара, вершы і публіцыстыка Н.Гілевіча, М.Багдановіча, М.Танка, П.Броўкі, Р.Барадуліна, З.Бядулі і інш. беларускіх аўтараў, галоўным героям якіх з’яўляецца Францыск Скарына. А знакамітую прадмову легендарнага асветніка да “Кнігі Юдзіф” выкладчыкі і студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы прачыталі на беларускай, старабеларускай, рускай, польскай, украінскай, англійскай, нямецкай, французскай, кітайскай, балгарскай, сербскай, славенскай і ўзбекскай мовах.
Як запавет нашчадкам даносяцца да нас з XVI стагоддзя пранікнёныя і мудрыя словы Ф. Скарыны: “Любіце кнігу, бо яна – крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы”.