«Забытая вайна: да 100-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны»

У 2014 годзе ў многіх краінах свету, у тым ліку і Беларусі, праходзяць шматлікія памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю пачатку Першай сусветнай вайны. 11 верасня ў аддзеле мастацтва бібліятэкі адбылося адкрыццё чарговай выставы з цыкла “Дакрануцца да гісторыі” пад назвай “Забытая вайна”. Выстава ладзілася на аснове матэрыялаў, прадстаўленых з прыватнага збору знакамітага гродзенскага калекцыянера, журналіста, гісторыка і краязнаўцы А.В. Сявенкі.
Прыкладна 900 экспанатаў дазваляюць скласці пэўнае ўяўленне аб далёкіх падзеях Першай сусветнай вайны. У першую чаргу – гэта рарытэтныя фатаграфіі, паштоўкі ваеннага часу, перыядычныя выданні, кнігі, шматлікія архіўныя дакументы, а таксама цікавыя прадметы матэрыяльнай культуры: узнагароды, памятныя медалі, знакі адрозненняў, рэчы салдацкага побыту.
Сусветная вайна ў пачатку ХХ стагоддзя апынулася першай у радзе глабальных падзей, якія акрэслілі далейшае развіццё чалавечага грамадства. Бітва развярнулася на Захадзе, на Усходзе, на Поўдні Еўропы; на сушы, на моры, у паветры і пад вадой. Гэта была татальная бойня, у якую аказаліся зацягнуты 34 краіны і 74 млн. чалавек, а яе сродкі і метады паставілі цывілізацыю на мяжу гібелі.
Падзеі Першай сусветнай вайны 1914-1918 гг. моцна закранулі тэрыторыю Беларусі і наш горад. У час баявых дзеянняў на Беларусі гінула мірнае насельніцтва, разбураліся гарады і вёскі, знішчаліся матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці.
З выстаўленых у экспазіцыю матэрыялаў можна даведацца пра стан Рускай Арміі напярэдадні вайны.
Як выглядаў Гродна да вайны, можна меркаваць па шматлікіх нямецкіх паштоўках з відамі горада, якія былі надрукаваны кайзераўцамі па захаваўшыхся даваенных трафарэтах.
Многія экспанаты апавядаюць аб Гродзенскім гарнізоне і Гродзенскай крэпасці, якая была збудавана ў 1912 –1915 гг. Гродзенская крэпасць уяўляла сабою магутнае абарончае збудаванне. Усе яе 13 фортаў і 24 апорныя пункты на адлегласці 8–15 км ад горада адпавядалі тагачаснаму ўзроўню фартыфікацыйнага будаўніцтва. Фарты Гродзенскай крэпасці захаваліся да сённяшняга часу. Як яны выглядалі у пачатку ХХ стагоддзя і як выглядаюць цяпер мы можам пабачыць на прадстаўленых фотаздымках, а больш падрабязна пазнаёміцца з імі можна з кніг Чарапіцы, Люціка і Семянчука.
Камендантам крэпасці быў прызначаны 60-гадовы генерал-лейтэнант ад інфантэрыі (пяхоты) Міхаіл Кайгародаў. На нашай выставе маюцца дакументы з уласнаручным подпісам генерала Кайгародава, а таксама копіі яго фотаздымкаў.
Аб падзеях жніўня 1914 года на Усходнім руска-германскім фронце апавядае амерыканская лубочная карціна 1914 года “Бітва на Мазурскіх азёрах”, якая адлюстравала драматычны эпізод бітвы рускага войска з кайзераўцамі.
На выставе маецца шмат фотаздымкаў рускіх салдатаў, афіцэраў, казакаў, якія зроблены ў мясцовых фотамайстэрнях Гродна, Беластоку, іншых беларускіх гарадоў. Праз стагоддзе глядзяць на нас твары салдатаў, у большасці простых людзей – былых сялян, местачкоўцаў, гараджан, якія зацягнуты воляй лёсу ў кругаварот Першай сусветнай вайны.
Высокі індустрыяльны і тэхнічны ўзровень развіцця ўзбраенняў прыдаў Першай сусветнай вайне надзвычай разбуральны і кровапралітны характар. Загінула і памерла ад ран каля 10 млн. чалавек, яшчэ столькі ж памерла ад эпідэмій і голаду.
Ваенныя дзеянні ў ваколіцах Гродна таксама былі надзвычай жорсткімі. Загінула многа салдат абедзвюх армій. У нас маюцца унікальныя фотаздымкі на тэму “Ахфяры вайны” верагодна гродзенскага фатографа Рамана Салаўя.
Летапіс падзей 1914-1916 гадоў адлюстраваны ў аднаіменных расійскіх часопісах. У часопісе “Прырода і людзі” апавядаецца, у тым ліку, і аб баявых дзеяннях каля Гродна. Вось у “Дневнике войны”  так і напісана, што “около Гродны шел горячий бой”. Расійскія штотыднёвікі “Ніва” і “Огонек” з нумара ў нумар публікавалі артыкулы і фотаздымкі на ваенную тэму. На выставе прысутнічае ўнікальны экзэмпляр акупацыйнай нямецкай газеты, якая выдавалася ў Баранавічах.
У дачыненні да Германіі на выставе прадстаўлена таксама шмат розных матэрыялаў. У першую чаргу – гэта партрэты нямецкіх военначальнікаў, сярод якіх трэба адзначыць кайзера Вільгельма ІІ, генералаў Гіндэнбурга, Макензена і інш. Асаблівую цікавасць выклікае прыгожая фарфоравая талерка з выявай германскага кайзера.
Падчас Першай сусветнай вайны яшчэ не было радыё і тэлебачання, таму плакаты, паштоўкі, друкаваная прадукцыя заставаліся адным з найбольш распаўсюджаных элементаў прапаганды і абавязкова насілі патрыятычны характар.
У нас на выставе прадстаўлена шмат менавіта такіх нямецких паштовых картак з калекцый А.В. Сявенкі і Л.І. Ліс, выпушчаных прыкладна ў 1914-15 гг. Іх персанажы – мужныя, прыстойныя салдаты і афіцэры, прыгожыя ўпэўненыя дзяўчыны з вышэйшага свету. Лічылася, што плакаты павінны падымаць баявы дух войскаў і патрыятычныя настроі ў тыле.
На іншых шматлікіх фотаздымках, паштоўках, ілюстрацыях можна паглядзець на разнастайныяроды і віды войскаў, якія змагаліся на франтах Першай сусветнай, гэта – авіяцыя, марскі флот, кавалерыя, пяхота, танкі.
З восені 1915 г. да вясны 1919 г. Гродна знаходзіўся пад нямецкай уладай. Жыццё гараджан рэгламентавалася шэрагам абмежаванняў і прадпісанняў, за невыкананне якіх былі прадугледжаны розныя пакаранні.
Адметнаю рысаю акупацыйнага жыцця былі частыя перарэгістрацыі насельніцтва. Улік быў жорсткім і абавязковым для ўсіх гараджан. На выставе прысутнічаць пашпарты, якія немцы выдавалі жыхарам нашага горада – тут прысутнічаюць нават адбіткі пальцаў грамадзян.
Пад час акупацыі Гродна знаходзіўся ў тыле нямецкіх пазіцый на Усходнім фронце. Гэта прымусіла нямецкія ваенныя ўлады актыўна займацца ўмацаваннем гродзенскіх пазіцый. Усе работы выконваліся з выкарыстаннем працоўнай сілы мясцовага насельніцтва. Акупанты праводзілі масавыя рэквізіцыі сельскагаспадарчай прадукцыі, вывозілі сыравіну, адбіралі у сялян жывёлу. Многія такія моманты адлюстоўваюць дакументальныя фотаздымкі на выставе.
Шмат выхадцаў з Гродна і навакольных паветаў сталі бежанцамі. Яны былі раскіданы па 23 губернях Расіі. У экспазіцыі прадстаўлены шматлікія пасведчанні, дакументы бежанцаў. Многа людзей гублялася. Дапамогу сваякам у пошуках родных аказвалі дабрачынныя арганізацыі. На выставе прысутнічае акурат такі дакумент Таццянінскага камітэту, які пацвярджае падобны выпадак.
Вяртанне дахаты бежанцаў з Гродна павольна пачалося ў 1917 г. і расцягнулася да 1923 г. Вярталіся гродзенцы ўжо ў іншую дзяржаву – Польшчу.
Іншыя стэнды на выставе расказваюць пра рэвалюцыйныя падзеі 1917-1918 гадоў на руска-германскім фронце, пра ўвекавечванне памяці палеглых воінаў.