“Гродна і гарадзенцы часоў Э. Ажэшкі”

“Гродна і гарадзенцы часоў Э. Ажэшкі” – пад такой назвай у аддзеле мастацтва ладзілася чарговая выстава ў рамках праекта “Дакрануцца да гісторыі ” .
Культурнае жыццё Гродна ў другой палове ХІХ ст. было багатым і разнастайным. Тут складваўся пласт шматкультурнай інтэлігенцыі, прадстаўнікі якой залічалі сябе адначасова да некалькі культураў.
На выставе былі прадстаўлены экспанаты з прыватных калекцый А. Сявенкі, А. Госцева, Я. Паруліса, якія дэманстравалі гэту шматкультурнасць Гродна ў другой палове ХІХ ст.
Значная частка экспазіцыі апавядала пра жыццё і творчасць самой пісьменніцы. Тут прысутнічалі арыгінальныя друкаваныя партрэты Элізы Ажэшкі канца ХІХ –пачатку ХХ ст., былі выстаўлены шматлікія творы пісьменніцы, сярод якіх меліся каштоўныя прыжыццёвыя выданні. У экспазіцыі было прадстаўлена многа кніг другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст. на польскай, рускай і яўрэйскай мовах, сярод якіх мастацкая, навуковая літаратура, падручнікі.
Асноўную частку экспазіцыі склалі фотаздымкі Гродна і гарадзенцаў часоў Элізы Ажэшкі. Пачынаючы з 1860 г. у Гродне існаваў цэлы шэраг фотамайстэрань. Дакументальныя і мастацкія кадры дазволілі наведвальнікам выставы ўбачыць выгляд нашага горада ў мінулым стагоддзі, а таксама паглядзець у твары тагачасных гарадзенцаў.
Іншыя цікавыя раздзелы выставы: “Святы ў жыцці гарадзенцаў”,  “Мода эпохі Ажэшкі”,  “Паўсядзённасць у жыцці гарадзенцаў” і інш.