Творы і творцы: сустрэча з гродзенскай паэтэсай Вікторыяй Смолка

20 мая 2018 года ў аддзеле абанемента прайшла чарговая сустрэча ў рамках грамадска-літаратурнай акцыі “Творы і творцы”, арганізаванай Гродзенскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі і абласной бібліятэкай. Госцем мерапрыемства была самая маладая паэтэса Саюза пісьменнікаў Беларусі –Вікторыя Смолка.
  В. Смолка – студэнтка магістратуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы, са школьных гадоў удзельніца шматлікіх міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў і фестываляў творчасці дзяцей і моладзі. З маленства піша вершы на беларускай і рускай мовах, захапляецца музыкай і літаратурай.
Яе паэтычныя творы пра “Дзяўчынку і Мару”, “Вясніцу” і “Вяснянку”, “Сінякрылы цягнік” добра вядомыя чытачам часопісаў “Маладосць”, “Белая Вежа”. Вершы Вікторыі друкуюцца ў перыёдыцы і калектыўных зборніках Беларусі, Расіі, Польшчы: “Каложскі Дабравест”, “Поэзия Мегаполиса” (Расія), “Берега дружбы” (Расія), у альманахах: “На Нёманскай хвалі”, “Новы замак”, “Верасень”, “Тэрмапілы”, “Славiстычныя разнастайнасцi” (Беласток, Польшча), у газетах: “Знамя Юности”, “Перспектыва”, “Гродзенскi ўнiверсiтэт”, “Літаратура і мастацтва”, “Православная газета” (г. Курган, Расія).
У 2015 г. у свет прыляцела першая вершаваная ластаўка Вікторыі Смолкі, што мае назву “Зоркаму сэрцу”. Дэбютная кніжка вершаў паўстае як прысвячэнне людзям, якім Богам дадзена бачыць і разумець гэты свет сэрцам і праз сэрца.
На працягу мерапрыемства госці з захапленнем слухалі паэтэсу, пачуццё эстэтычнага натхнення авалодала кожным чалавекам.