ХРАМ УСПЕНІЯ ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ г.п. Казлоўшчына, Дзятлаўскі раён

Помнік драўлянага народнага дойліцтва. Размешчаны ў цэнтры г.п. Казлоўшчына (Дзятлаўскі раён).

Пабудаваны на месцы папярэдняга драўлянага храма ў пачатку ХХ ст. Праект выкананы ў 1914 г.

Храм трохзрубны, уключае асноўны аб’ём, бабінец з двух’яруснай званіцай і прамавугольную апсіду.

Асноўны зруб накрыты двухсхільным дахам. Званіца завяршаецца цыбулепадобным купалам, апсіда – васьмігранным барабанам з галоўкай. Да заходняга фасаду далучаны тамбур, накрыты дахам крывалінейнага абрысу. Фасад гарызантальна ашаляваны дошкамі.

Згодна плана зямель мястэчка 1913 года з правага боку вуліцы Савецкай, на месцы цяперашняй царквы, будынкаў няма. Але, як успамінаюць мясцовыя жыхары, у канцы ХІХ стагоддзя тут знаходзілася Свята-Ільінская царква, якая згарэла. У пачатку ХХ стагоддзя ў пасёлак прыбывае камісія па аднаўленні царквы, але пачалася Першая сусветная вайна і будаўніцтва храма было адкладзена.

І толькі ў 1927 годзе будаўніцтва было скончана, а 22 мая 1928 года храм асвечаны.

У 2003 годзе храм абкладзены цэглай.