Пераможцы абласнога конкурсу фоталетапісаў “Малая радзіма: імгненні гісторыі”

У 2020 годзе ўпершыню з мэтай збору, захавання і папулярызацыі ведаў аб гісторыка-культурнай спадчыне Гродзеншчыны ўпраўленне культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” арганізавалі і правялі конкурс фоталетапісаў “Малая радзіма: імгненні гісторыі”.

Запісваючы легенды і паданні, размаўляючы са старажыламі, збіраючы па крупіцах гісторыю сваіх населенных пунктаў, кожны ўдзельнік зрабіў неверагодны ўклад у гэтую бясцэнную скарбніцу.

Хочацца адзначыць, што ўсе ўстановы падышлі да стварэння гістарычнай храналогіі свайго края з адказнасцю і любоўю. Дарэчы, удзельнікаў конкурсу было 20 – з усіх раёнаў Гродзеншчыны і горада Гродна.

Адметнай рысай конкурсных работ з’яўлялася тое, што ўсе яны змяшчаюць фотаздымкі малой радзімы мінулых гадоў пачынаючы з 1910 года. Усе работы зроблены з густам, ёсць і паліграфічнае афармленне, і ручная работа, а фотаматэрыялы суправаджаюцца інфармацыйным зместам.

Пераможцы вызаначаны па трох намінацыях:

“Наш край – наш лёс”

Перамогу атрымала ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка” з іх вялікім і змястоўным летапісам, на старонках якога прадстаўлены архітэктурныя каштоўнасці Мастоў, станаўленне “Мастоўдрэва”: ад фанернага завода братоў Канапацкіх да сучаснага прадпрыемства, а таксама праследжана гісторыя “5 мастоў”, якія былі размешчаны на тэрыторыі горада. Акрамя гэтага, на фотаздымках можна ўбачыць штодзённае жыццё жыхароў Мастоўскага раёна.

ДУК “Лідская раённая бібліятэка імя Я.Купалы” прадставіла фоталетапіс у выглядзе каштоўнай кнігі, дзе перад кожным наступным раздзелам знаходзіцца прыгожы малюнак, зроблены ўручную. На старонках храналогіі можна пабачыць гісторыю гарадской архітэктуры: ад бальніцы да ўнівермага, ад лакафарбавага завода да хлебакамбіната. Праца змяшчае памятныя і рэдкія фотаздымкі землякоў.

“Быт нашых продкаў”

Адным з пераможцаў у гэтай намінацыі – ДУК “Свіслацкая раённая бібліятэка” – матэрыял пададзены ў выглядзе світка: на ільняным абрусе з карункамі размешчаны пяць раздзелаў. У іх знаходзяцца фатаграфіі людзей за працай і ў штодзённым жыцці, за рамествамі і народнымі промысламі, фотаздымкі з жыцця дзяцей, а таксама традыцыі, звычаі і абрады, сабраныя з розных куточкаў Свіслацкага раёна.

Інфармацыйна-бібліятэчны аддзел ДУК “Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр” таксама атрымаў перамогу за свой летапіс. Унікальнасць гэтай працы ў тым, што альбом змяшчае каштоўныя фотаздымкі сям’і Гарбачык пачынаючы з 1913 года.

“Героі ваенных часоў”

Лепшымі ў гэтай намінацыі стала ДУК “Навагрудская раённая бібліятэка”, супрацоўнікамі якой праведзена вялікая краязнаўчая работа. На старонках альбома размешчаны максімальна поўныя звесткі аб ветэранах Навагрудскага раёна, а таксама сабрана інфармацыя аб тым, дзе яны пачыналі вайну, іх заслугі і медалі.

Наступны пераможца – ДУК “Бераставіцкая раённая бібліятэка імя В. Кавалеўскага” да афармлення свайго летапісу падышла вельмі старанна: кожны фотаздымак ветэрана, іх баявы шлях і званні знаходзяцца ў асобнай фотарамцы, а іх аказалася больш за 20!

Ва ўсіх удзельнікаў конкурсу быў свой творчы падыход да выканання летапісу, таму перамогу атрымалі самыя незвычайныя, поўныя і цікавыя працы.