НОВЫ ЗАМАК г. Гродна

Праект палацавага комлекса распрацаваны прыдворным архітэктарам Карлам Фрыдрыхам Пёпельманам. Будаўніцтва доўжылася з 1737 па 1742 год.

Адпаведна праекту, галоўны корпус палаца меў выгляд літары “П” і ўтвараў вялікі ўнутраны двор-курданёр. Будынак палаца вытрыманы ў стылі ракако: яго фасады былі падзелены пілястрамі і ўпрыгожаны картушамі з маскамі і ляпнінай розных формаў.

З галоўнага ўвахода палаца можна было трапіць у вялікікую залу каралеўскай Варты, якая была ўпрыгожана фрэскамі. Побач знаходзілася Авальная зала (першая прыёмная караля), Сенатарская і Пасольская залы, якія былі ўпрыгожаны ляпнымі картушамі і ракайлямі, фрэскавай імітацыяй архітэктурных дэталяў.

Каралеўскія апартаменты знаходзіліся ў правым крыле палаца, памяшканні для прыдворных слуг і аховы – у левым.

Пры новым каралі Станіславе Аўгусце Панятоўскім у палацы былі зроблены вялікія рамонтныя работы. Пад кіраўніцтвам прыдворнага архітэктара Джузэпе Сака палацавыя інтэр’еры набылі класічны выгляд.

Палац быў разлічаны не толькі на тое, каб быць каралеўскай рэзідэнцыяй. Гэта было месца правядзення генеральных сеймаў Рэчы Паспалітай. Першы сейм у новым палацы адбыўся ў 1744 годзе. А ўжо праз 50 год замак прымаў удзельнікаў апошняга сейма 1793 года, падчас якога быў зацверджаны другі падзел Рэчы Паспалітай. Тут жа ў 1795 годзе кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад прастола і Рэч Паспалітая была канчаткова падзелена паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй.

Пасля ад’езда Станіслава Аўгуста ў Санкт-Пецярбург палац перайшоў да ваеннага ведамства Расійскай імперыі і каля 140 гадоў выкарыстоўваўя як шпіталь.

Палац моцна пацярпеў падчас баёў 1944 года. У 1952 годзе быў адбудаваны ў класічным псеўдарускім стылі пад памяшканне для Гродзенскага абласнога камітэта КПБ. Першапачатковы выгляд захаваўся толькі ва ўязной брамы са скульптурамі сфінксаў (ХVIII ст.).

У 1991 годзе Новы замак быў перададзены установам культуры. Правае яго крыло заняла абласная навуковая бібліятэка імя Я. Карскага, а цэнтральны корпус і левае крыло – Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей.

Паколькі палац быў пабудаваны насупраць Старога замка, папярэдняй рэзідэнцыі карлей, з цягам часу за ім замацавалася назва Новы замак.