КРЭЎСКІ ЗАМАК в.Крэва, Смаргонскі раён

Крэўскі замак – замак-кастэль у в.Крэва (Смаргонскі раён) з каменя і чырвонай цэглы, першы цалкам мураваны замак у Вялікім княстве Літоўскім.          Пабудаваны ў XIV стагоддзі каля сутокаў рэк Крэўлянка і Шляхцянка.

Замак меў форму няправільнага чатырохвугольніка, абнесенага каменнымі сценамі. Сцены да ўзроўню 3 м выбудаваныя з каменя, вышэй – з цэглы. Замак па кутах меў 2 вежы, на замкавым двары размяшчалася кузня, жылыя пабудовы, мелася сажалка.

Адна з самых страшных і крывавых легенд Крэўскага замка – гэта легенда пра дзяўчыну, якую можна сустрэць ноччу ля сцен замка, калі яна выгульвае свайго сабаку. Два князя палюбілі адну дзяўчыну. Адзін з іх ад рэўнасці забіў другога, аднак дзяўчына адмовіла яму ва ўзаемнасці. Тады раз’юшаны князь загадаў умураваць яе ў сцяну. А паколькі яна амаль ніколі не раставалася са сваім сабакам, няшчасную жывёлу чакала тая ж доля.

Крэўскі замак быў сведкам і месцам многіх гістарычных падзей. Ужо ў хуткім часе пасля пабудовы ён быў абстраляны каменнымі ядрамі (іх знайшлі падчас раскопак у заходняй сцяны), была спалена баявая галерэя.

У 1385 годзе, у замку былі выпрацаваны ўмовы Крэўскай уніі –  аб’яднання ВКЛ і Польшчы пад уладай вялікага князя Ягайлы.

У 1503-1506 гадах замак неаднаразова асаджалі і значна пашкодзілі перакопскія татары. У 1519 годзе Крэва захапілі маскоўскія ваяводы. Паступова замак губляў абарончае значэнне.

Яшчэ ў XVIII стагоддзі Крэўскі замак быў у добрым стане. Пазней пачалося яго разбурэнне, якое завяршыла Першая сусветная вайна. Падчас вайны праз Крэва праходзіла лінія фронту. Замак апынуўся на тэрыторыі, захопленай немцамі, тут былі пабудаваны сховішчы і назіральныя пункты.

Пасля заключэння Рыжскага мірнага дагавора 1921 года Крэўскі замак апынуўся ў складзе маладой польскай дзяржавы. Польскія ўлады правялі ў 1929 году кансервацыю рэшткаў Княжацкай вежы.

У 2005 годзе быў створаны мясцовы дабрачынны фонд “Крэўскі замак”, галоўнай мэтай якога з’яўляецца садзейнічанне захаванню Крэўскага замка.

Да нашых дзён захаваліся толькі замкавыя руіны.

У 2018 годзе пачаліся працы па аднаўленні і кансервацыі замка.