КАСЦЁЛ СВЯТЫХ КОСМЫ І ДАМІЯНА г.Астравец

Помнік архітэктуры ў стылі класіцызму – каталіцкі храм у горадзе Астравец.

Знаходзіцца на месцы старажытнага касцёла і кляштара дамініканаў. Пабудаваны архітэктарам А.Касакоўскім у 1785-1787 гг. з цэглы.

Па часе фундацыі гэта самая старажытная на Беларусі святыня місіянерскага ордэна, які праводзіў місіянерскую і асветніцкую дзейнасць.

Уяўляе сабой трохнефную базіліку, усе яго часткі аб’яднаны ў строгім прамавугольным аб’ёме і накрыты агульным дахам. Галоўны фасад мае двух’ярусную сіметрычна-восевую кампазіцыю, у цэнтры знаходзіцца чатырохкалонны порцік іянічнага ордэра з трохвугольным франтонам.

Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі, шырокімі лапаткамі ў міжаконнях і перапяразаны магутным карнізам.
У 1866 г. храм быў перабудаваны пад праваслаўную царкву, дах зрабілі больш пакатым і ўзвялі над ім купал з цыбулепадобнай галоўкай, які быў зняты ў 1930-я гады.

Сённяшні будынак храма будаваўся ў формах позняга барока, але ў пачатку ХІХ ст. касцёл быў істотна перабудаваны і набыў пры гэтым рысы посткласіцызму. Касцёл дзейнічае і сёння. Тут захоўваюцца каштоўныя абразы XVIII – XIX стагоддзяў.

У жніўні 2016 года касцёлу прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі рэгіянальнага значэння.