Пра бібліятэку

Матэрыялы архіваў сведчаць, што рашэнне аб адкрыцці бібліятэкі было прынята ў верасні 1830 года на нарадзе ў гродзенскага генерал-губернатара Міхаіла Бабяцінскага. У аснову бібліятэкі ляглі дабрачынныя ахвяраванні дваран горада. Першапачаткова бібліятэкай карысталіся ўсяго 40 чытачоў. Рабочыя, сяляне, іншы просты люд не меў магчымасці карыстацца публічнай бібліятэкай.

У 1940 годзе адбылося адкрыцё бібліятэкі для ўсіх слаёў насельніцтва,  кнігі пачалі выдавацца чытачам бясплатна. Кніжны фонд тады складаў 35 тысяч адзінак, якім карысталіся каля 4 тысяч чалавек. Штодзённа бібліятэку наведвала больш за 450 чытачоў!

У гады Вялікай Айчыннай вайны большасць фондаў была вывезена нямецка-фашысцкімі захопнікамі ці знішчана. Праз 10 дзён пасля вызвалення горада ад акупантаў бібліятэка пачала працаваць.

У 1957 годзе бібліятэцы прысвоена імя першага беларускага акадэміка, заснавальніка беларускай філалогіі і мовазнаўства Яўхіма Карскага.

Сёння ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” з’яўляецца вядучым інфармацыйным, адукацыйным і сацыяльна-культурным цэнтрам, лідэрам бібліятэчнай палітыкі ў вобласці.

Універсальны па змесце фонд дакументаў налічвае звыш 600 тыс. экз., літаратура прадстаўлена на 70 мовах свету, выдзелены калекцыі: старадаўняй, мастацкай і гістарычнай літаратуры (XVIII-XX стст.); краязнаўчых дакументаў; самаробнай кнігі; грампласцінак, унікальных запісаў музычных твораў і галасоў гістарычных постаццяў.

Ствараюцца фактаграфічныя базы дадзеных асабістай генерацыі “Галерэя знакамітых асоб Гарадзеншчыны”, “Гісторыка-культурныя каштоўнасці Прынеманскага краю” і інш.

Штогод паслугамі бібліятэкі карыстаюцца звыш 42 тыс. чытачоў, сярод іх: навукоўцы, творчая інтэлегенцыя, спецыялісты ўсіх галін народнай гаспадаркі, моладзь і дзеці.

Аўтаматызаваны ўсе бібліятэчныя працэсы: шлях кнігі ад яе апрацоўкі да выдачы чытачу, праводзіцца алічбоўка дакументаў, электронны каталог адлюстроўвае 99% усяго фонду. Для карыстальнікаў бібліятэкі ў аддзелах абслугоўвання прадстаўлены сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, адукацыйныя праграмы.

На базе дзіцячага філіяла створаны першы ў Рэспубліцы Беларусь “Мультыцэнтр “Совушка” – інтэрактыўны цэнтр навукі і тэхналогіі. Цэнтр забяспечаны ліцынзійнымі адукацыйнымі праграмамі (8); працуюць лабараторыі: тэхнікі і робататэхнікі, навукі, музыкі, мастацтва, навакольнага асяроддзя, замежных моў, крэатыўная лабараторыя LEGO, сенсарны пакой.

У юнацкім філіяле бібліятэкі створаны мемарыяльны пакой, прысвечаны жыццю і творчасці Элізы Ажэшкі, у якім супрацоўнікамі бібліятэкі праводзяцца экскурсіі для суайчыннікаў і замежных гасцей на беларускай, рускай, польскай, англійскай і нямецкай мовах.

Працуе віртуальная чытальная зала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якая забяспечвае чытачам доступ да сусветных інфармацыйных рэсурсаў. Доступ карыстальнікаў да прававой інфармацыі забяспечвае Публічны цэнтр прававой інфармацыі (ПЦПІ), дзе бясплатную юрыдычную дапамогу чытачам аказваюць юрысты і натарыусы.

Бібліятэка актыўна супрацоўнічае з прадпрыемствамі, дзяржаўнымі і грамадскімі аргганізацыямі, творчымі саюзамі, культавымі ўстановамі і дыпламатычнымі службамі краіны, сярод іх: Пасольствы ЗША, Германіі, Францыі, Генеральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Гродна і інш.

Супрацоўнікамі бібліятэкі распрацаваны і рэалізуюцца шматлікія творчыя праекты: “Дакрануцца да гісторыі”, “Летапіс Вялікага Подзвігу”, “Курсам лідэра”, “Залатая восень жыцця”; дабрачынныя праграмы для дзяцей-сірот; акцыіі “Чытаем разам” (творы беларускіх аўтараў) і інш.

Штогод праводзіцца звыш 500 мерапрыемстваў. Сярод іх: навукова-практычныя канферэнцыі, Гарадзенскія навуковыя чытанні, Фестывалі кніг, літаратурныя вечары, “Кніжныя пікнікі ў ябланевым садзе”, Дні бібліятэрапіі, Дні сям’і, квэст-гульні і інш.