Міні-музей “Свет дакамп’ютэрнай тэхнікі”

Унікальны міні-музей “Свет дакамп’ютэрнай тэхнікі” адкрыўся 15 верасня 2017 года на базе Мастоўскай раённай бібліятэкі.

У музеі прадстаўлены звыш 40 экспанатаў – узоры дакамп’ютэрнай тэхнікі, якая выкарыстоўвалася ў паўсядзённым жыцці і працы ў XX стагоддзі.

Сярод самых каштоўных экспанатаў бібліятэчнага міні-музея: рататар – своеасаблівы прататып сучаснага ксеракса; вялікая вылічальная машына “Іскра”, якая ў некалькі дзясяткаў разоў перавышае памеры яе сучаснага аналага калькулятара. Сабраны тэхнічныя сродкі, у тым ліку, якія раней ужываліся ў працы бібліятэкі: эпідыяскоп, чытацкі апарат, друкаваная машынка, драўляныя лічыльнікі, фільмаскоп, лічыльнік наведванняў СБУ (для вядзення ўліку наведванняў і кнігавыдач).

З дапамогай маляўнічых плакатаў і стэндаў, размешчаных у міні-музеі, можна пазнаёміцца з гісторыяй узнікнення і развіцця камп’ютэрных гульняў, вылічальнай тэхнікі, стварэння тэлевізараў ад першых чорна-белых мадэляў да плазменных панэляў. Асобнае месца ў музеі займаюць тэхнічныя сродкі, якія былі неад’емнай часткай кожнай сям’і ў ІІ-й палове ХХ стагоддзя: стэрэафанічны бабінный магнітафон, тэлефон, радыёла, фотаапарат і інш.

Практычна ўсе экспанаты знаходзяцца ў працоўным стане і дэманструюць свае магчымасці наведвальнікам падчас экскурсій.

У міні-музеі для дзяцей створана анімацыйная праграма, падчас якой Добрая фея праводзіць гульнявую праграму, загадвае загадкі, распавядае казку пра камп’ютар, знаёміць наведвальнікаў з тэхнікай XX стагоддзя. Дзецям старэйшага ўзросту прапануецца экскурсія, падчас якой ідзе гаворка пра экспанаты музея. Наведвальнікам прапануецца адказаць на пытанні міні-віктарыны “Аб сучаснай тэхніцы і яе папярэдніках”.

Інфармацыю пра музей можна атрымаць па спасылцы: http://mostylib.by/мини-музей-мир-докомпьютерной-техник

Адрас: г. Масты, вул. Савецкая, 19 Б

Час працы: 9.00 – 18.00

Выхадны дзень: субота

Санітарны дзень: першы чацвер месяца

Тэлефон: (8-01515) 6-44-90