Таямніца незвычайнай школы

Хадасевіч-Лісавая, К. С. Таямніца незвычайнай школы : казачная аповесць / Кацярына Хадасевіч-Лісавая ; [мастак А. Карповіч]. – Мінск : Звязда, 2018. – 212, [3] с. ББК 84(4Беи)6 

Сучасная беларуская пісьменніца Кацярына  Хадасевіч-Лісавая  піша кнігі для дзяцей і пра дзяцей. Важнай роляй пісьменніка яна лічыць выхаванне дзіцяці. Таму ў кожнай сваёй казцы разам з прыгодамі, забавамі і весялосцю пісьменніца нагадвае аб галоўных каштоўнасцях:  дабрыні, міласэрнасці, шчырасці, узаемадапамозе.

Юныя чытачы ўжо знаёмыя з кнігамі  К.  Хадасевіч-Лісавой  “Казкі Сіняй падушкі”, “Касмічная адысея хлопчыка Стасіка”, “Канікулы з прыгодамі”, “Казкі сівой даўніны”, “Казкі чараўніцы Зімы” і іншымі.

Новая  кніга пісьменніцы “Таямніца незвычайнай школы” –  казачная аповесць, героі якой маюць рэальныя прататыпы. Гэта вучні Ждановіцкай школы, дзе Кацярына Хадасевіч-Лісавая працуе настаўніцай.

Здавалася б, пра школу мы ведаем усё: настаўнікі, урокі, перапынкі, навучальны год, канікулы… І вам, пэўна, думаецца, што нічога асаблівага ў школе здарыцца не можа. А ці ведаеце вы, што адбываецца, калі ўсе дзеці і настаўнікі разыходзяцца па дамах? Якую таямніцу захоўваюць школьныя кабінеты і калідоры? Хто жыве ў адной, з выгляду самай звычайнай, школе? А магчыма, не толькі ў ёй…

Гэта цёплая, добрая і вясёлая казачная аповесць складаецца з дзесяці чароўных гісторый. Кожная з іх раскажа вам пра неверагодныя падзеі, якія адбываюцца з героямі кнігі.  І у вас ёсць магчымасць пабачыць усё на свае вочы! Прачытаўшы гэтую займальную кнігу, вы пазнаёміцеся з незвычайнымі персанажамі –  Школусем і яго памочнікамі-класавічкамі  Асікам,  Бэсікам, Вэсікам, Квятусяй. Вы  даведаецеся, кім быў раней Школусь, хто такія класавічкі, як і чаму яны з’явіліся менавіта ў гэтай школе, дзякуючы чаму яны  могуць стаць нябачнымі…

Паглыбляйцеся ў сюжет, падключайце фантазію  – зазірніце ў незвычайную школу і даведайцеся пра ўсе яе сакрэты! А таямніцу трэба шукаць у персанажах, аб існаванні якіх ніхто нават не здагадваецца, а яны між іншым жывуць у кожнай школе.

Прыгожыя , маляўнічыя акварэльныя ілюстрацыі таленавітага мастака Алены Карповіч дапамогуць вам яшчэ больш акунуцца ў свет казкі, абудзяць вашу фантазію і уяўленне.

Гэта цікавая казачная гісторыя прыйдзецца даспадобы чытачам малодшага школьнага ўзросту.

За кнігай звяртайцеся ў  дзіцячы філіял бібліятэкі (вул. Савецкая, 25).